МАЗ выдаў працоўным прэмію кілбасамі


Кілбасы персаналу Менскага аўтамабільнага заводу раздалі з нагоды 75-годдзя прадпрыемства. Працаўнікі ў размове «Tut.by» кажуць, што лепш далі б грашыма.

«Лепш бы грашыма далі! – абурылася адна з працаўніц заводу ў сацсетках. – Нам дзяцей у школу зараз адпраўляць, нават невялікая сума лішняй не была б. А цяпер ясі гэтую каўбасу. Тым больш што тэрмін захоўвання ў яе невялікі».

У наборы было 8,5 кг кілбас вытворчасці Менскага мясакамбінату і агракамбінату «Дзяржынскі». Таксама ў наборы было па 780 грамаў печыва «Слодыч» і кілаграм сыру Гарадскога малочнага заводу № 1. Кошт набору – Br 110,93.

«Выдалі кожнаму па два запаяных пакеты рознай каўбасы. Заслужаным работнікам яшчэ і чырвоныя тэчкі з падзякамі», – распавяла журналістам іншая працаўніца заводу.

Каўбасную прэмію пацвердзіў яшчэ адзін працоўны.

«Каўбасы там было шмат, – распавёў хлопец. – Такі набор атрымалі ўсе працаўнікі. На Новы год такі ж давалі і грашовую прэмію».

На заводзе адмовіліся каментаваць гэткі тып прэміяў праз тэлефон, бо не ведаюць, ці гэта тэлефануе журналіст. Для атрымання інфармацыі на завод трэба прыехаць асабіста.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў