Маёнтак Даўнтан. Тэлесерыял, які так і не стаў фільмам

Сяргей
Філімонаў
аўтар праграмы «Відзьмо-невідзьмо»

У 2010-е адным з самых папулярных тэлесерыялаў у Англіі было «Абацтва Даўнтан». На працягу шасці сезонаў гераіні арыстакраткі інтрыгавалі, а таксама «узбівалі мыльную пену» для хатніх гаспадынь, якіх прагнулі весці жыццё графіні ці герцагіні. Рэжысёру тэлевізійнага відовішча Майклу Энглеру даверылі зняць аднайменны фільм для вялікага экрана. На здзіўленне, кінаверсія стала хітом нават у Амерыцы, сабраўшы касу каля 100 мільёнаў долараў.

«Візіт герцагіні Кэмбрыджскай на здымкі тэлевізійнага сэрыялу»

«Станоўчая рэцэнзія»

Усім, хто хацеў зазірнуць у ангельскі радавы маёнтак, адчуць бытавыя праблемы арыстакратаў, зразумець пачуцці, страсці, даведацца пра сакрэты і патаемныя планы цётак, маці, жонак, сястрыц брытанскіх лордаў і пэраў, будзе вельмі цікава. Усе падзеі фільма развіваюцца паводле законаў жанру тэлевізійнай «мыльнай оперы». «Абацтва Даўнтан» адрозніваецца ад якой-небудзь «Рабыні Ізаўры» тым, чым Англія адрозніваецца ад краін Лацінскай Амерыкі. А калі занядбаць вонкавымі адрозненнямі, то можна ўспомніць пра чалавечую псіхіку, якая мала змянілася з часоў Рымскай імперыі. Саслоўя ў грамадстве былі заўсёды, каханне паміж прадстаўнікамі розных саслоўяў нараджалася таксама нярэдка.

На прэмʼеры стужкі. Фота Universal

Прыгожы лад жыцця, напышлівыя размовы, клопаты арыстакратаў пра веліч брытанскай імперыі… Усё як звычайна. Улічваючы сучасныя патрабаванні паліткарэктнасці, у фільме без асуджэння паказваюць і гомасексуальную пару. Дварэцкі караля закахаўся ў прыслужніка Абацтва Даўнтан. У 20-я гады 20 стагоддзя ў Брытаніі такія стасункі лічыліся крымінальным злачынствам. Аднак партнёр вызваляе сябра з паліцэйскага засценка. Адзін з іх быў арыштаваны паліцыяй у падпольным гей-клубе.

Кароль Георг V з жонкаю ў фільме і ў жыцці. Фота Screen Rant

«Адмоўная рэцэнзія»

Для напісання адмоўнай рэцэнзіі на гэты фільм, на мой погляд, ёсць шмат прычын. Стандартныя тэлесерыі доўжацца 50 хвілін. Гэтая двухгадзінная стужка складаецца як бы з двух такіх серый. У першай частцы ірландскі сваяк арыстакратаў ратуе караля, калі ягоны суайчыннік спрабуе забіць яго Вялікасць. У другой частцы слугі маёнтку арганізуюць змову супраць ганарыстых слуг караля падчас ягонага візіту ў Даўнтан. Гэта значыць, у фільма як бы адсутнічае агульны сцэнар. Ён распадаецца на дзве амаль самастойныя гісторыі.

У цэнтры – акторка Мэгі Сміт. Фота Universal

Ангельскія акторы працуюць перад камерай добра, асабліва бабуля Мэгі Сміт (прафесар з франшызы «Гары Потэр»). Яны здзекуюцца адзін з аднаго, дасціпна жартуюць, але не ў стане паведаміць гледачу нешта важнае. Бо нічога важнага ў іх жыцці не адбываецца. Усё відовішча нагадвае старую савецкую тэлепраграму «Шынок 13 крэслаў». Удзельнікі «Шынка» жартаўліва распавядалі свае гісторыі, напрыканцы ж перадачы кожны дарыў гледачу наказ на развітанне. Так і тут. Усе задаволеныя, усміхаюцца, і зычаць гледачам найлепшага.

Кадр з фільму. Фота Universal

Дарослым хлопчыкам, якія гуляюць у «танчыкі», гэтая драма будзе нуднай. Калі ж у дзяцінстве вы з задавальненнем гулялі ў лялькі, хадзілі ў лялечныя госці ці ў лялечны «вышэйшы свет», тады гэта відовішча для вас. І хай нікога не здзіўляе факт, што раней у Амерыцы такая тэматыка не была папулярнай. Зараз «простая амерыканская дзяўчына» Мэган выйшла замуж за прынца Гары. Зрабілася прынцэсай. А гэта значыць, шматлікія амерыканскія школьніцы зацікавіліся, з чаго складаецца жыццё прынцэсы ў брытанскім радавым маёнтку?

Мая ацэнка 5,5 з 10.

Сяргей Філімонаў belsat.eu

 

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў