Адміністрацыйная справа супраць Аляксея Кузьміча, мастака, які зладзіў аголеную акцыю 3 кастрычніка, на адкрыцці выставы ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (НЦСМ), так і не дайшла да суда. Тэрміны, цягам якіх мастака маглі прыцягнуць да адказнасці, закончыліся, паведамляе Аляксей Кузьміч у сваім Facebook.
«Учора быў апошні дзень, калі яны маглі прад’явіць нейкае абвінавачванне, паколькі прайшло два месяцы і паводле закону тэрміны прайшлі. Суд і МУС, мне падаецца, што намагалі не даводзіць справу да разгляду. Магчыма, што пэўныя асобы сочаць за маёй актыўнасцю ў сацсетках і пабачылі, што я знайшоў адваката, маю падтрыманне з боку людзей, якія б засведчылі, што гэта мастацтва, а не хуліганства. Таму каб не дыскрэдытаваць сябе, справу не разглядаць», – распавёў «Белсату» мастак Аляксей Кузьміч.
3 кастрычніка ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Беларусі мастак Аляксей Кузьміч зладзіў перформанс. Ён прыйшоў на адкрыццё выставы цалкам голы, з шыльдай «Міністэрства культуры» на палавым органе. Такім чынам Кузьміч выказаў пратэст супраць цэнзуры, з якой сутыкаецца мастак пры намеры дэманстрацыі свайго мастацтва на пляцоўках дзяржаўных арт-інстытуцыяў.
У выніку НЦСМ звярнуўся ў міліцыю з заявай, у якой адзначыў, што дзеянні мастака абражаюць Міністэрства культуры Беларусі і «пацягнулі значную шкоду дзелавой рэпутацыі цэнтру». Але на просьбу супрацоўнікаў НЦСМ міліцыянты адмовіліся заводзіць крымінальную справу. Пазней, 9 лістапада, на мастака паступіла ў міліцыю яшчэ адна заява. Яе склаў нехта Кавалёў, які сам не быў на акцыі, але палічыў, што ўчынак Кузьміча стаў цынічнай дэманстрацыяй непавагі да грамадства.
СК belsat.eu