Мастака Алеся Пушкіна затрымалі за акцыю супраць русіфікацыі

Як паведамляе сайт радыё «Свабода», міліцыя затрымала Алеся Пушкіна падчас перформансу ў абарону беларускай мовы. Мастак выйшаў да крамы «Еўраопт» у Крупках з тэматычнымі плакатамі супраць расейскага імперыялізму, а таксама ў падтрыманне інтэграцыі Беларусі ў NATO.

Фота: svaboda.org

У 220-ую гадавіну нараджэння расейскага паэта Аляксандра Пушкіна яго беларускі цёзка Алесь Пушкін прынёс да мясцовай крамы постэры «Achtung Russia!» і «Bloodymir!» з выявамі Пуціна, а таксама плакаты «Stop russian agression on Europe» («Спыніце расейскую агрэсію ў Еўропе»), «Russia – war!» («Расея – вайна»), «Беларусь у NATO» і сцяг Паўночнаатлантычнага альянсу. Праз паўгадзіны пасля пачатку перформансу да мастака выйшаў ахоўнік крамы, які спрабаваў справакаваць канфлікт, а потым выклікаў міліцыю, якая затрымала Алеся Пушкіна з ужываннем сілы.

Фота: svaboda.org

8 траўня акурат у той самай краме «Еўраопт» мастака Алеся Пушкіна адмовіліся абслугоўваць на беларускай мове. Са словаў мастака, ахоўнік крамы Вадзім Бабкоў, а таксама супрацоўнік гандлёвай установы Павел Чыркоў абражалі дзяржаўную мову, ужываючы нецэнзурную лаянку. Апошні напісаў у міліцыю заяву на Алеся Пушкіна як «агрэсіўнага кліента». У нататцы Чыркоў вызнаў, што «з’яўляецца расейцам, а таму не абавязаны ведаць беларускую мову». Адміністрацыйная справа супраць Алеся Пушкіна была закрытая, а «Еўраопт» не знайшоў парушэнняў у дзеяннях сваіх супрацоўнікаў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Hавiны