Мастадонты ў барацьбе за нелаяльнага чытача

Аляксандр
Фядута
паліткансультант

Думаю, што ўся журналісцкая супольнасць (той ягоны сектар, што не патрапіў на службу ў органы масавай агітацыі і прапаганды) сочыць сёння за «справай БелТА». Я не называю гэты працэс «справай Марыны Золатавай», бо нічога, што кампраметуе галоўнага рэдактара парталу TUT.BY, мы пакуль на судзе не пачулі. А вось пра дзяржаўныя органы прапаганды, якія называюць сябе медыямі, – так, пачулі, і шмат цікавага. Для тых, хто дрэнна ўяўляе сабе, як яны ўладкаваныя, працэс аказаўся надзвычай пазнавальным.

Ну, гэта прыкладна так жа, як калі б жыхары XVIII стагоддзя (ужо выйшла «Энцыклапедыя» Дзідро і д’Аламбэра, напісаныя «Пакуты юнага Вертэра», і Напалеон рыхтуецца да захопу ўлады) змаглі здзейсніць падарожжа ў эпоху мастадонтаў.

Як, сябры мае, вы не ведаеце, хто такія мастадонты? Такія сланы з вялізнымі біўнямі, якія растуць як у верхняй, так і ў ніжняй сківіцы. Вымерлі даўно, ад туберкулёзу. Аказваецца, памер не забяспечвае прыстасавальнасць да жыцця ў нечалавечых умовах.

Марына Золатава: Мяне вельмі расчуліла і ўзрушыла падтрымка журналісцкай супольнасці

Дзяржаўныя «медыі» – гэта мастадонты. З аднаго боку, яны абавязаны друкаваць тое, што чакае ад іх дзяржава. З другога – змагацца за чытача. У выніку адзіным іхным аргументам на сваю карысць з’яўляецца алімпійскі прынцып: «Хутчэй, вышэй, мацней!». Гэта значыць, хутчэй – у любым выпадку. І вышэйшыя кіраўнікі трох галоўных дзяржаўных медыяў пачынаюць апеляваць да хуткасці падачы тэксту як да галоўнага фактару забеспячэння папулярнасці. Маўляў, чым хутчэй надрукуем, тым больш шанцаў, што нам павераць. Таму што мы – з хобатам і біўнямі, а астатнія ў параўнанні з намі – драбната.

Вынікі першага дня суда над Марынаю Золатавай. Максімальна каротка

Але вось прадстаўнік аднаго з гэтых мастадонтаў пытаецца сведку, наколькі аператыўнасць падачы інфармацыі ўплывае на рэйтынг рэсурсу ў інтэрнэце. І чуе ў адказ:

– Не абавязкова быць першым, хуткасць не самае галоўнае. Важная лаяльнасць аўдыторыі, як шмат людзей цябе чытае.

Сведка Кулецкі ўжыў слова, якое ў асяроддзі мастадонтаў разумеецца адназначна: лаяльнасць – гэта палітычная лаяльнасць. А сярод нармальных медыяў некалькі інакш: лаяльнасць – гэта сталы давер наведвальнікаў сайту тваёй інфармацыі.

Колькі там людзей нашай уладзе давярае (паводле падлікаў Лідзіі Ярмошынай)? Звыш 50% ад агульнай колькасці выбарнікаў? Якая падпіска на зусім мастадонцкую газету «СБ-БС»? Сотні тысячаў? Рабяты, чаму ж тыя вашыя чытачы, якія да вас палітычна лаяльныя, часцей шукаюць інфармацыю на іншых сайтах? Няўжо справа ў тым, што двойчы цягам шматлікіх гадоў TUT.BY абагнаў мастадонтаў на некалькі хвілінаў?

Справа БелТА. Рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву спаткалі ў зале суда апладысментамі

Аўтарытэт TUT.BY, як і БелаПАНа, – гэта аўтарытэт людзей, якім верыш. Тут сапраўды не важная хуткасць. Часам ім даруеш памылкі. Часам – хвілінныя слабасці, калі чытаеш рэкламны тэкст і хочацца крычаць ад кампліментаў кампаніі, што наскрозь сябе дыскрэдытавала, якая гэты тэкст аплаціла. Але ў рэшце ім верыш. Бо яны – сапраўды людзі, ты жывеш з імі ў адным часу. А мастадонту навошта верыць?

Да першага паўгоддзя 2011 году мая цешча, светлая ёй памяць, атрымлівала дзве газеты. Адна з іх была спачатку «Белорусская деловая», потым – «Народная воля» (у залежнасці ад таго, дзе друкаваўся зяць). Другая ж была газета-мастадонт. Яна брала танным коштам і зручнай у побыце праграмай тэлеперадачаў. Але пасля студзеня 2011 года Майя Іосіфаўна папрасіла мастадонта больш не выпісваць. І беларускія навіны яна не глядзела. Тэлевізар жа застаўся як пасярэднік паміж ёй і клубам «Што? Дзе? Калі?», а таксама як крыніца разнастайных серыялаў, якія сведчылі, што жыццё працягваецца. Чытала ж яна «Народную волю» і кнігі. Абышлася неяк без мастадонтаў у доме.

Генеральная дырэктарка «Тут бай медыя»: Золатава не разумела маштабаў праблемы

Мне падаецца, у гэтым уся справа. Справа ў даверы спажыўца інфармацыі. Ніякая хуткасць і моц тут не дапамагаюць. Мастадонтаў нельга давяраць у прынцыпе. Менавіта таму, што ў іх дзве пары біўняў – дзве функцыі, і што б яны ні казалі, зусім не задавальненне майго інфармацыйнага голаду з’яўляецца для іх першасным.

І самае яркае таму сведчанне – іерархія навінаў за апошнія тры дні. Самая высокая наведвальнасць – у тых інтэрнэт-рэсурсаў, якія давалі максімальна поўную і хуткую інфармацыю пра трагедыю ў Стоўбцах. Мастадонты ж яе спачатку проста не заўважылі. Хоць ужо тут яны дакладна маглі б апярэдзіць усіх. Але… Навошта? Гэта – не для той пары біўняў.

Рэдактар ​​Realt.by заявіў пра ціск следчых і фальсіфікацыю паказанняў супраць Марыны Золатавай

Хобатныя, вы ўжо прайгралі. Нават калі Золатаву асудзяць, яна перамагла. А вы – прайгралі. Вы даказалі ўладзе сваю поўную бессэнсоўнасць і непатрэбнасць у цяперашнім выглядзе. Нарэшце даказалі. Вымірйце паціху, сябры мае, вымірайце…

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў