Адразу шэсць відаў новай бранятанкавай тэхнікі праедзе вуліцамі Масквы падчас парада 9 траўня. У тым ліку – засакрэчаны танк Т-14 «Армата», які мае стаць асноваю танкавых войскаў Расеі. Аднак гэты ўнушальны паказ новай тэхнікі на справе можа стацца банальнаю паказухай.
Расейскае міністэрства абароны адрапартавала, што ўся найноўшая тэхніка ўжо трапіла ў войскі ды апублікавала фотаздымкі з рэпетыцыяў параду. Пакуль што ўся новая бранятэхніка прыкрытая брэзентам, відаць, праз сакрэтнасць праектаў.
Падчас параду па Краснай плошчы праедзе 10 танкаў «Армата». Паводле Міністэрства абароны новы танк адрозніваецца «прынцыпова новымі тактыка-тэхнічнымі характарыстыкамі ды новым аўтаматам падачы боепрыпасаў». Танк атрымаў назву дзякуючы новастворанай аднайменнай цяжкай гусенічнай платформе. Танк «Армата» мае замяніць цяперашні асноўны баявы танк Т-90, які быў створаны напрыканцы 1980-х.
Новая самаходная гаўбіца на гусенічнай платформе «Армата». На парадзе пакажуць 8 такіх машын, агулам іх сабрана толькі 12. Адна з адметнасцяў гэтай устаноўкі – магчымасць працы ў рэжыме «Шквал вагню», калі ўстаноўка робіць некалькі стрэлаў запар такім чынам, каб снарады даляталі да цэлі амаль адначасова.
Гэтая цяжкая баявая машына пяхоты, паводле расейскіх вайскоўцаў, мае адзін з найлепшых узроўняў бронеабароны ў параўнанні з аналагічнымі машынамі ў іншых краінах. Баявы модуль і аддзяленне з экіпажам ды дэсантам размежаваныя. Узбраенне знаходзіцца на задняй частцы платформы. На парадзе чакаецца 10 такіх БМП.
Гэтая машына на новай сярэдняй гусенічнай платформе мае неўзабаве замяніць існуючыя БМП, БМД і БТР у расейскім войску. На гэтыя машыны плануюць устанаўліваць аўтаматычныя пушкі, кулямёты, супрацьтанкавыя ракетныя комплексы. Адна з навінак – баявы модуль, які, пасля таго, як аператар вызначыць цэль, будзе сам сам за ёй сачыць і весці абстрэл да яе знішчэння. На парадзе пакажуць па 10 БТР і БМП.
Масавыя пастаўкі ў расейскія сухапутныя войскі запланаваныя сёлета. Новы БТР створаны для транспартавання і агнявога падтрымання мотастралковага аддзялення. Узбраенне – аналагічнае, як і БТР «Круганец-25». Па Чырвонай плошчы праедуць тры адзінкі.
Маскоўскі вайсковы эксперт Аляксандр Гольц бачыць у гэтай дэманстрацыі сілы толькі прапагандысцкі крок.
«Відавочна, што тыя ж хвалёныя танкі «Армата» у серыйную вытворчасць не трапяць. Спачатку дэкларавалася, што да 2020 году гэтых танкаў збяруць некалькі тысячаў. Потым – што зробяць спачатку 12, адправяць іх на пару гадоў вайскоўцам на спраўджанне і толькі потым пасля аналізу інфармацыі і водгукаў будуць прымаць рашэнне. На нармальнай мове гэта азначае, што танк у серыю не трапіць. – сцвярджае Аляксандр Гольц. – Кошт аднаго такога танку – каля 400 млн расейскіх рублёў. Гэта як кошт знішчальніка! Сённяшні асноўны танк Т-90 каштуе ледзь не ў 10 разоў менш».
Падобны лёс чакае і іншыя перспектыўныя напрацоўкі. Гольц крытыкуе адначасовае стварэнне розных відаў БТР і БМП на розных платформах.
«Гэта можа сведчыць пра няздольнасць супрацьстаяць лабістам гэтых вытворцаў, – зазначае эксперт. – Падчас параду будуць казаць, што гэтая тэхніка вось-вось трапіць у войска. Але парад дзеля таго і патрэбны – каб прадэманстраваць мілітарную моц краіны. Ніхто ж не скажа, што гэтых танкаў усяго будзе 12 штук. Гэта прапагандысцкі ход».
Зміцер Ягораў, belsat.eu
Фота mil.ru