Марыя Калеснікава: непрызнанне подпісаў – плявок у твары грамадзянаў


Марыя Калеснікава, каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі, распавяла «Белсату», якім ініцыятыўная група цяпер рыхтуецца да наступнага этапу выбарчай прэзідэнцкай кампаніі.

Ініцыятыўная група Віктара Бабарыкі, паводле інфармацыі штабу, сабрала больш за 400 тысячаў подпісаў, з якіх у камісіі патрапілі 365 тысячаў. Але камісіі прынялі ўсяго 165 тысячаў, прызнаўшы рэшту несапраўднымі.

«Па-першае, гэта папросту плявок у твары грамадзянам, якія маюць права на тое, каб вылучаць альтэрнатыўных кандыдатаў. Значная колькасць галасоў прызнаныя несапраўднымі. Ггэта перашкода свабоднаму волевыяўленню народа. Людзі, якія аддаюць свае галасы на карысць альтэрнатыўных кандыдатаў, пазбаўленыя права на ўлічванне іхных галасоў», – распавяла «Белсату» Марыя Калеснікава, каардынатарка штабу Віктара Бабарыкі.

«Цяпер мы накіроўваем мноства скаргаў самастойна, а таксама ведаем, што многія людзі, якія збіралі подпісы, таксама аспрэчваюць рашэнні камісіяў. На нашым сайце размешчаныя дакументы, адмысловыя ўзоры, каб любы чалавек, у тым ліку, як патэнцыйныя кандыдаты, так і падпісанты, змаглі імі скарыстацца і накіраваць скаргу на тое, каб подпісы залічылі. Мы абсалютна салідарныя з усімі, хто прымае ўдзел у выбарчай кампаніі, у тым ліку і з Валерыем Цапкала, якога, па-сутнасці, пазбавілі права на рэгістрацыю. Чым зможам, тым і будзем дапамагаць. На гэты конт адбываецца многа флэш-мобаў. Напрыклад, людзі вывешваюць на сваіх пад’ездах цыдулкі з тэкстам, што іх подпісы зніклі і просяць навакольных адшукаць гэтыя подпісы. Цешыць, што значная колькасць беларусаў выказваюць салідарнасць і патрабуюць ад уладаў вярнуць подпісы і залічыць іх», – дадае Марыя Калеснікава.

Hавiны
Адвакат Бабарыкі: Віктар Дзмітрыевіч вельмі здзіўлены, што 200 тысячаў подпісаў прызнаныя несапраўднымі
2020.07.01 16:06

– На перадзе чарговы этап – рэгістрацыя кандыдатаў. Якім чынам штаб плануе весці агітацыйную кампанію ў выпадку рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам, з улікам таго, што ён за кратамі.

«Юрыдычна ў кожнага з кандыдатаў можа быць да 30 давераных асобаў. У нас ужо ёсць гэтыя асобы, іх унёс у спіс яшчэ сам Віктар Бабарыка, калі быў яшчэ на волі. І справа ў тым, што гэтыя асобы змогуць ездзіць па ўсёй краіне і змогуць ад імя кандыдатаў весці агітацыйную кампанію. Яны змогуць атрымліваць памяшканні для сустрэчаў. Акрамя таго, яшчэ і шэраг іншых ініцыятываў мы распрацоўваем. Справа ў тым, што бадай кожны можа праявіць ініцыятыву і прапанаваць праекты. Гэта і флэш-мобы, і распаўсюд інфармацыі ў сацыяльных сетках. Напрыклад, на трэцяга ліпеня мы заклікаем беларусаў не заставацца ў горадзе, а накіравацца на лецішчы, прыроду, ці ў вёскі з сябрамі і ўсім распавядаць пра тое, што адбываецца ў краіне. Гэта дапаможа распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што робіцца. Асабліва важна данесці пра падзеі тым, хто апроч дзяржаўнага тэлебачання не мае доступу ад альтэрнатыўнай інфармацыі», – кажа Марыя Калеснікава.

Марыя Калеснікава. Фота з Facebook Марыі

– Цяпер эксперты разважаюць пра тое, што, верагодна, Віктара Бабарыку не зарэгіструюць. Ці ёсць план на гэты выпадак?

«У нас цяпер актыўна ладзіцца праца над рэферэндумам. Незалежна ад таго, ці будзе рэгістрацыя, незалежна ад таго, хто пераможа на выбарах, мы будзем ініцыяваць правядзенне рэферэндуму. Бо мы настойваем на абмеркаванні двух пытанняў, сярод якіх вяртанне двух прэзідэнцкіх тэрмінаў і падзел галінаў улады. Паўнамоцтвы прэзідэнта змяншаюцца на карысць паўнамоцтваў парламенту. І ў любым выпадку мы будзем працягваць ініцыяваць правядзенне рэферэндуму, змагацца за гэтую ініцыятыву. Наагул мы пакуль чакаем каго зарэгіструе ЦВК, бо ад гэтага таксама шмат што залежыць. Тады можна будзе казаць і пра вынік усёй выбарчай кампаніі». – адзначае Марыя Калеснікава.

Hавiны
Творчая інтэлігенцыя заклікала не абмяжоўваць волю Бабарыкаў
2020.07.01 08:15

Улады баяцца альтэрнатывы

«Цяпер з’явілася яшчэ больш пераканання ў правільнасці таго, што робім. Мы яшчэ больш кансалідаваліся паміж сабою, адчуваем падтрыманне людзей. Падтрыманне было заўсёды, але цяпер яго нашмат больш, гэта натхняе. Праўда, меркаваць, што ўлады ў выніку вырашаць – мы не можам. Ніхто не будзе гадаць на каве. Але калі ўлада не зарэгіструе кандыдатам Віктара Бабарыку, то яна прызнае сваю слабасць. Яна прадэманструе, што не ў стане ўявіць сабе сапраўдную барацьбу з альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Гэта факт».

«Мы не прадстаўляем апазіцыю, але прадстаўляем інтарэсы вялізнай колькасці беларусаў, якія пачулі пасыл патэнцыйнага кандыдата. Пасыл Віктара Бабарыкі – за бяспеку, мір, за прыстойны заробак, за тое, каб кожны чалавек мог займацца тым, чым хоча, што прынясе яму задавальненне і рэалізацыю. Трэба, каб у кожнага была магчымасць працаваць і зарабляць. Большасць пачулі гэты мэсідж. Але ўлады не жадаюць гэтага для людзей».

– Ці ёсць у штабе інфармацыя пра ўмовы ўтрымання Віктара Бабарыкі за кратамі?

«У нас наагул няма нікай інфармацыі пра ўмовы, у якіх цяпер знаходзіцца Віктар Бабарыка, акрамя той, якая з’яўляецца ў медыях. Адвакаты абмежаваныя падпіскаю аб неразгалошванні. Калі яны агучаць артыкул абвінавачвання, іх могуць зняць. Таму з мэтаю абароны як Віктара Дзмітрыевіча, так і адвакатаў, мы не настойваем на агучванні інфармацыі. Больш важна, на нашую думку, прафесійная абарона, чым атрыманне інфармацыі. У любым выпадку, інфармацыю раней ці позна агучыць дзяржаўнае тэлебачанне».

Меркаванні
Б…дзі, сэр! Цапкалу знялі, на чарзе Бабарыка?
2020.06.30 20:10

СК belsat.eu

Стужка навінаў