Марыя Бабарыка распавяла, калі яе бацька вырашыў балатавацца ў прэзідэнты


Марыя Бабарыка – дачка арыштаванага патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі – падчас стрыму на YouTube распавяла пра сваё стаўленне да абвінавачванняў супраць свайго бацькі і брата.

Марыя падчас стрыму падзякавала адвакатам, чальцам штабу і ініцыятыўнай групы, ды наагул усім, «хто не застаўся ў баку». Яна таксама выказалася наконт абвінавачванняў, якія выставілі Віктару і Эдуарду Бабарыка.

«Мне крыўдна, што нехта можа лічыць сваіх людзей настолькі дурнымі, каб думаць, што яны не могуць аднавіць прычынна-выніковыя сувязі. Я не разумею, чаму ўвесь працэс адбываецца пад покрывам таямніцы. З аднаго боку адвакатам забаронена што-небудзь паведамляць, але адначасова ў прэсе ідуць галаслоўныя абвінавачванні, і ідуць па нарастаючай – пачыналася ад нявыплаты падаткаў, а потым дайшло да стварэння нейкай злачыннай арганізацыі. Мне проста цікава, што будзе далей? Змова свету супраць Беларусі? Або міжгалактычныя змовы?» – адзначыла яна.

Марыя прызналася, што вельмі турбуецца за сваіх блізкіх і выказала словы падтрымкі тым, хто знаходзіцца ў аналагічнай сітуацыі.

Марыя распавяла і пра тое, як Віктар Бабарыка прымаў рашэнне балатавацца.

«У нас у сям’і ўсе рашэнні прымаем сумесна, тым больш рашэнні такога маштабу. У канцы мінулага года я зразумела, што ён задумваецца пра гэта ўсурʼёз. Ён тады спытаў маё меркаванне з гэтай нагоды. Я сказала, што для мяне самае важнае – гэта ягоная бяспека. Ён мне тады сказаў: «Маша, я ж ведаю, што трэба рабіць. І вось што я скажу ўнукам? Я ведаў і пабаяўся?» – распавяла яна.

Марыя таксама выказала ўпэўненасць, што ў выніку ўсё будзе добра. «Таму што кожны з вас, я ўпэўненая, прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб пабудаваць новую і квітнеючую Беларусь. Я таксама паспрабую са свайго боку зрабіць усё магчымае», – заявіла яна.

Нагадаем, Віктар Бабарыка і ягоны сын Эдуард былі затрыманыя 18 чэрвеня ў межах «справы Белгазпрамбанку», яны цяпер знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Ім выстаўлена абвінавачванне, але па якім канкрэтна артыкуле невядома, бо следства забараніла адвакатам разгалошваць гэтую інфармацыю.

За шэсць дзён да затрымання Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Віктара Бабарыка датычны да злачыннай дзейнасці топ-менеджараў «Белгазпрамбанку». Адначасова старшыня КДК Іван Тэртэль распавёў, што «фактычна на базе банку імі была створана арганізаваная злачынная група, якая ажыццяўляла вывад грашовых сродкаў на тэрыторыі замежных дзяржаваў». У адказ на пытанне журналістаў, ці датычны да гэтага Віктар Бабарыка, Тэртэль адзначыў: «Не магу сабе ўявіць, што тое, што рабілася ў банку намеснікамі, магло быць невядома кіраўніку. Магу пацвердзіць, што ў цяперашні час у нас маюцца пераканаўчыя доказы яго датычнасці да дадзенай супрацьпраўнай дзейнасці». На той момант ніякага працэсуальнага статуса ў гэтай справе Бабарыка яшчэ не меў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў