Манаполія на памяць


Адзін сябар з Кіева (жыве ў украінскай сталіцы ўжо шмат гадоў) доўга не мог зразумець логіку беларускіх уладаў наконт нацыянальнага адраджэння. Маўляў, чаму яны не далучацца да гэтай годнай і выгоднай для ўсіх справы. На мой погляд, адказ вельмі просты: «Таму што там не беларусы, а «рускія са знакам якасці»…

Напэўна, цяпер кіеўскі аднакашнік агучвае прыслоўе «нарэшце», але я бы не стаў спяшацца з высновамі, бо тое, што цяпер мы бачым вакол Курапатаў адбываецца не «ў памяць», а «ў піку». І нехта вырашыў «не далучыцца», а «ўзначаліць».

Не думаю, што «наверсе» (не веру ў такія цуды) раптам пачалі клапаціцца аб тых, каго знішчылі іх бацькі і дзяды, а вось тое, што там «вырашылі пацягнуць коўдру на сябе» бясспрэчна.

Інакш цяжка патлумачыць неверагодна спрынтэрскі тэмп. Трыццаці гадоў не хапіла, каб прыдумаць нешта прыстойнае, а тут збіраюцца ўсё вырашыць за 5 содняў, адны з якіх выходны!

Да 26 –га красавіка будуць прымаць заяўкі, а да 1-га траўня прымуць канчатковае рашэнне…

Днямі з прэзідэнцкай адміністрацыі пазванілі Нобэлеўскай лаўрэатцы па літаратуры Святлане Алексіевіч і прапанавалі ўзначаліць Камісію па вызначэнню варыянта помніка ў Курапатах. Яна катэгарычна адмовілася.

У адрозненне ад тых, хто гатовы займаць любыя ўладныя пасады, Святлана Аляксандраўна, мае гонар і добра разумее, што там можна быць толькі «вясельным генералам», альбо гуляць толькі па іх правілах.

І справа не толькі ў імёнах, якія сёння не скланяе толькі лянівы. Проста яна вельмі добра разумее, што ў нашай краіне ўсё вырашае адзін чалавек, чыё прозвішча згадваецца так часта, што некалі можна наступіць «ірвотны эфект».

На свой «густ» ён і вызначыцца ў Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных…

А яшчэ, Алексіевіч сказала, што гэтую камісію на яе думку павінен узначальваць толькі адна асоба – Зянон Пазняк.

Уяўляю, што тварылася са сківіцамі ў віпаўскага чыноўніка, але я бы прыняў смелую жанчыну ў БНФ адразу ж, бо перакананы – карысці ад такіх словаў больш, чым ад некаторых пікетаў і мітынгаў.

Напэўна, некаторыя з гэтай тэзай не пагодзяцца. Як кажуць, маюць рацыю. Мне ж больш да спадобы словы аднаго з аўтараў бессмяротных «Дванаццаці стулаў» – не трэба змагацца за чысціню, трэба падмятаць.

А яшчэ мне бывае не вельмі прыемна бачыць, як тыя, хто яшчэ ўчора абвінавачваў Святлану Алексіевіч, амаль што не ў «беларусафобіі», цяпер спяваюць ёй дыфірамбы…

Тое, што ўлада пачынае «блытаць рамсы» (такая мова для іх больш зразумелая) ні ў каго не павінна вызываць сумневы. Як слушна пішуць мае калегі, драпежнік не можа раптам стаць вегетарыянцам.

Цалкам згодны з тымі, хто гаворыць пра напужанага Украінай Лукашэнку. Прычым не столькі Майданам (згадваецца, часцей за любую мантру), колькі паводзінамі так званага «рускага свету». Адсюль – рэзкі разварот у бок Захаду. Дакладней, яго імітацыя.

Па вялікаму ж рахунку ніхто і не збіраецца рабіцца гэтым самым вегетарыянцам. Хутчэй наадварот. Захаду прапануюць «прыняць нас такім, як мы ёсць». Як спяваў Высоцкі, «мы сами знаем, где нас чего».

Менавіта ў гэтым і хаваецца сапраўдны «клопат» пра Курапаты. Нават калі ўсё сённяшняе кіраўніцтва на чале з «ТЫМ, КАГО НЕЛЬГА НЕ НАЗЫВАЦЬ» (хай даруе перыфраз «маці» Гары Потара) пераапранецца ў «вышыванкі», форма НКУС ім больш да твару…

Аляксандр Тамковіч для belsat.eu 

Стужка навінаў