Як ні круці, але лепшага лідара, чым Аляксандр Лукашэнка, прынамсі на постсавецкай прасторы, днём з агнём не адшукаць. Ён карыстаецца папулярнасцю і ў Расеі, і ва Украіне, дзе набліжаюцца прэзідэнцкія выбары, і ў Малдове, дзе прайшлі парламенцкія выбары. Выбарнікі ў гэтай краіне, заціснутай паміж Украінай і Румыніяй, падзяліліся з карэспандэнтамі «Белсату» бачаннем ідэальнага кіраўніка. Падрабязнасці ў сюжэце Усевалада Шлыкава.
35 месцаў сацыялістаў, супраць 30-ці – дэмакратычнай партыі Малдовы. У выніку – перамог самы ўплывовы чалавек у Малдове – Уладзімір Плахатнюк. Нашыя эксперты ўпэўненыя, што ён не будзе мець праблем з фармаваннем большасці ў мясцовым парламенце.
«З верагоднасцю ў 99% – цяперашнія ўлады і пасля выбараў захоўвацца. Хоць дэмакратычная партыя і не набрала большасць – другі вынік па выніках выбараў. Але дакладна яны і далей будуць кіраваць у рэспубліцы Малдова», – сцвярджае малдаўскі палітолаг Іян Тэбырцэ.
Але, як мы даведаліся ад жыхароў Кішынэва, калі б яны маглі, то выбралі б зусім іншага лідара. Таго, хто вось ужо 25 год нязменна кіруе нашай краінай. Чаму?
«Ён такі сумленны, такі прамы… можа такі і патрэбны нам – сумленны і прамы».
«А таму, што ён – гаспадар. І ён хварэе за свой народ і сваю краіну – ён сапраўдны патрыёт. Гэта прыклад для нас!»
«Ён як пры савецкай уладзе – ён так як трымаў, так і трымае ўсё. І нармальна, гляджу – і тралейбусы і трамваі, і трактары, а ў нас што – нічога ў нас няма», – лічаць жыхары Кішынэва.
На думку апытаных, уся справа ў тым, што ў Беларусі дзейнічае моцная вертыкаль улады. Маўляў, было б так у Малдове – то і ў гэтай постсавецкай рэспубліцы быў парадак.
«Калі Дадон прыязджаў у Менск, а Лукашэнка да яго ездзіў у Беларусь, Лукашэнка раіў Дадону памяняць канстытуцыю і стаць, як ён – прэзідэнтам з прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі», – распавядае Дзмітрый Балкунец, палітолаг з Масквы.
Але Ігар Дадон – прэзідэнт, якога мясцовы парламент неаднаразова часова адхіляў ад пасады, можа толькі марыць аб такіх паўнамоцтвах. Мясцовыя эксперты лічаць, што гэтыя двое лідараў ніколькі не падобныя
Іян Тэбырцэ лічыць:
«Такое параўнанне было б ліслівым для Ігара Дадона. Ігар Дадон – гэта мясцовы кішэнны алігарх і па сваіх маштабах не ідзе ні ў якое параўнанне з спадаром Лукашэнкам».
Але і ў Расеі, дзе здавалася б з маштабам лідарства праблем няма, 68% апытаных у снежні мінулага года заявілі, што больш за ўсё давяраюць менавіта Аляксандру Лукашэнку сярод лідараў краін СНД. Феномен патлумачым з Беларусі.
«Лукашэнка кіруе Беларуссю ўжо столькі гадоў, што ўсё добрае і дрэннае асацыюецца менавіта з ім. А людзі, якія тут не жывуць, не бачаць гэтых негатыўных бакоў жыцця, толькі чуюць пра тое, як тут добра жывуць пенсіянеры – у іх можа складвацца такое ўражанне, гэта вядома не зусім так, а хутчэй – зусім не так», – лічыць Андрэй Ягораў з Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.
Вось і ва Украіне сярод усіх палітыкаў свету амаль 14% людзей, апытаных у лютым сацыялагічнай групай GfK, назвалі Аляксандра Лукашэнку фігурай, на якую варта раўняцца пераможцу сакавіцкай электаральнай гонкі. Лідары накшталт Доналда Трампа, ці Уладзіміра Пуціна не набралі і 5%.
«Лукашэнка цалкам бы выйграў выбары ва Украіне альбо Малдове. Але ў мяне ёсць вялікія сумневы, што ён выйграў бы сумленныя выбары ў Беларусі. Першыя, другія выбары ён выйграў сумленна, але людзі стаміліся ад яго дэмагогіі», – кажа Зміцер Балкунец.
Людзі вераць папулістам, пакуль не прыходзіць пара выконваць іх шчодрыя абяцанні. У многіх постсавецкіх краін быў свой «Лукашэнка».
«У Малдове свая спецыфічная сітуацыя, але быў Варонін у свой час, «бацька нацыі», і нешта не відаць было, каб малдаване былі ў захапленні ад сітуацыі. Ва Украіне тое ж самае было з Януковічам – ён таксама быў аўтарытарным лідарам і будаваў гэтакую патэрналісцкую краіну», – сцвярджае Андрэй Ягораў.
Чым скончылася будаўніцтва «дзяржавы для народа» ва Украіне – мы цудоўна ведаем. А вось у Беларусі па-ранейшаму ідзе барацьба з карупцыяй. Вось ужо чвэрць стагоддзя не могуць увасобіць у жыццё бачанне свайго лідара нядбайныя чыноўнікі.
Іян Тэбырцэ ўпэўнены:
«Лукашэнка – такі архетып – вось, моцны, жвавы, а калі трэба і нагаворыць строга, і шмат хто хоча такога лідара. І такія рысы ўласцівыя практычна ўсім постсавецкім дзяржавам».
Прычым не толькі старэйшаму пакаленню, якое сапраўды магло б сумаваць па Савецкім саюзе. Мадэль паводзінаў Лукашэнкі заставалася нязменнай і дзейснай на працягу ўсіх гэтых 25 гадоў.
«Калі паглядзець кінахроніку 90-х гадоў, то можна ўбачыць, што Лукашэнка збіраў натоўпы людзей. Гэта былі гучныя, папулісцкія выступы, народ плакаў нават, крычалі – гэта наш выратавальнік. Людзі былі ў разгубленасці – краіна павалілася. Вырасла пакаленне грамадзянаў Беларусі, якія ніколі не жылі пры іншай сістэме і выраслі на яго партрэтах у школе, і гэтыя людзі бачаць у ім сілу», – падсумоўвае палітолаг Дзмітрый Балкунец.
Але калі б гэтая сіла грунтавалася сапраўды на народнай падтрымцы, не патрэбныя былі б фальсіфікацыі і разгоны апазіцыі. Сіла жа дэмакратычнай мадэлі – у адказнасці, якую не ўдасца вечна перакладаць на чыноўнікаў, суседнія краіны – на ўсіх, акрамя сябе.
Фота: Forum/Vadim Denisov/TASS