Маладзёжная зборная Беларусі па хакеі пакідае элітны дывізіён

На чэмпіянаце свету па хакеі сярод маладзёжных камандаў, які праходзіць у ЗША, зборная Беларусі прайграла ва ўсіх матчах і пакідае элітны дывізіён.

У асноўным раўндзе турніру зборная Беларусі саступіла: Швецыі (1:6), Швейцарыі (2:3), Расеі (2:5), Чэхіі (5:6) і ў выніку заняла апошняе месца ў сваёй групе.

У матчах на выжыванне зборнай трэба было правесці серыю да двух перамогаў з Даніяй, каб застацца ў эліце, але і тут каманда Юрыя Файкова двойчы саступіла – 4:5 і 2:3. Прычым, за хвіліну да заканчэння першай гульні супраць Даніі беларусы вялі 4:3.

У 2010 годзе моладзевы чэмпіянат свету па хакеі прайшоў у Менску і Бабруйску. Тады мы прайгралі ўсе матчы з агульнай розніцай 11-38. Цікава, што на ўзроўні наймацнейшага дывізіёну маладзёжная зборная Беларусі не перамагала ўжо адзінаццаць гадоў (3 студзеня 2007 года з лікам 3:1 Беларусь абыграла каманду Нямеччыны).

Між тым 4 студзеня ў Менску стартаваў чатырнаццаты калядны аматарскі міжнародны турнір на прызы прэзідэнта Беларусі.

СА, belsat.eu

 

Hавiны