Маладафронтаўца Піліпа Шаўрова прызналі палітвязнем


Праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнем і запатрабавалі вызвалення маладафронтаўца Піліпа Шаўрова, абвінавачанага за расфарбаваны помнік Пушкіну ў Менску.

Шаўроў быў затрыманы сёлета 19 студзеня пасля таго, як сам з’явіўся ў міліцыю і заявіў аб тым, што гэта ён расфарбаваў рукі помніку. 18 сакавіка актывісту выставілі абвінавачванне ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.1 і ч.2 арт. 339 («хуліганства») Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Да справы далучылі і выпадак, калі Шаўроў нібыта нанёс надпіс «1937» на плоце насоснай станцыі ў Бараўлянах і выяву бел-чырвона-белага сцягу на памятны знак загінулым працаўнікам МУС.

Hавiны
Старшыня «Маладога фронту»: Піліп Шаўроў выказаў «мастацкі пратэст», размаляваўшы помнік Пушкіну
2020.01.20 12:45

Матэрыялы справы перададзеныя ў суд Цэнтральнага раёну Менску. Сам Шаўроў утрымліваецца ў СІЗА №1, яму пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.

«Нанесеныя ім графіці не прывялі да знішчэння ці пашкоджання аб’ектаў, на якія яны былі нанесеныя, не прывялі да страты імі іх спажывецкіх якасцяў. Прывядзенне іх у першапачатковы выгляд патрабавала пэўных матэрыяльных затрат, якія маглі б быць ускладзеныя ў далейшым на здзяйсняльніка шкоды ў грамадзянска-прававым парадку», – адзначаюць праваабаронцы ў сваёй заяве.

Паводле іх, мэтай малюнкаў і надпісаў было выказванне меркавання на грамадска-значныя тэмы.

«Мы лічым, што дадзеныя формы выказвання меркавання патрапляюць пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не маюць нічога агульнага з указанымі ў працэсуальным дакуменце Следчага камітэту матывамі», – працягваюць праваабаронцы.

Акрамя таго, абвінавачаны не пасягнуў на гісторыка-культурныя каштоўнасці, не знішчыў іх і не выкарыстоўваў нецэнзурную лексіку або мову варажнечы.

«Прымяненне да Шаўрова меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай з’яўляецца беспадстаўным і празмерным і расцэньваецца намі як сродак аказання ціску на абвінавачанага праз помсту за рэалізацыю ім агульнапрызнаных грамадзянскіх правоў і ў сувязі з прыналежнасцю Шаўрова да апазіцыйнай моладзевай арганізацыі «Малады фронт», сябры якой рэгулярна пераследуюцца ўладамі Беларусі», – дадаюць аўтары заявы.

Пазбаўленне волі Піліпа Шаўрова яны лічаць адвольным і палітычна матываваным, прызнаюць яго палітычным зняволеным і патрабуюць спынення крымінальнага пераследу.

Пад заявай падпісаліся: ПЦ «Вясна», Беларускі Хельсінскі Камітэт, «Прававая ініцыятыва», Беларускі ПЭН-цэнтр», установа «Human Constanta», «Офіс па правах людзей з інваліднасцю», «Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend», «Беларуская асацыяцыя журналістаў» і ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права».

Hавiны
«Сумняюся, што ён сам прыйшоў у міліцыю», – жонка Піліпа Шаўрова, арыштаванага на 2 месяцы
2020.01.24 13:08

КА belsat.eu

Стужка навінаў