Макей: Мяне вучылі ў школе, што кіраўнікі БНР былі здраднікамі

Міністр замежных справаў Уладзімір Макей заявіў у інтэрв’ю Euronews, што ў яго дагэтуль няма поўнай інфармацыі наконт Беларускай Народнай Рэспублікі, а падчас Дня Волі-2018 нікога не арыштавалі.

«На мой погляд, стогадовая гадавіна абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі – вельмі важная дата… Але мы не можам судзіць прадстаўнікоў таго перыяду, таму што не ведаем усіх абставінаў, у нас няма поўнай інфармацыі, што вельмі важна для абʼектыўнага аналізу сітуацыі», – адзначыў ён.

Макей заявіў, што ўлада не можа заняць чый-небудзь бок у гэтым пытанні. «Нам неабходна сабраць больш інфармацыі пра гэты перыяд», – дадаў ён.

«У Савецкім Саюзе гэты перыяд нашай гісторыі ацэньваўся негатыўна. Мяне, напрыклад, вучылі ў школе, што кіраўнікі БНР былі здраднікамі, якія спрабавалі ўсталяваць цесную супрацу з кайзерам. Але сёння дзяржава ўпершыню працягнула руку сваім апанентам, тым, для каго гэтая дата важная. Улады санкцыянавалі мітынг і канцэрт у самым прэстыжным у Менску месцы – ля Тэатра Оперы і Балета. Хочаце выкарыстоўваць сімвалы БНР – калі ласка, ніякіх праблем», – падкрэсліў Макей.

На думку Макея, дазволіўшы канцэрт, улада прадэманстравала гатоўнасць супрацоўнічаць з апанентамі. Пры гэтым міністр падкрэсліў: нібыта падчас Дня Волі сілавікі нікога не арыштавалі.

У. Макей: Дзяржава прадэманстравала гатоўнасць супрацоўнічаць са сваімі апанентамі, працягнула руку. І, на шчасце, большасць канструктыўных прадстаўнікоў беларускай апазіцыі прынялі гэтую прапанову. Але ёсць людзі, якія працягваюць захоўваць неканструктыўную пазіцыю ў адносінах да ўладаў…

«Еўраньюс»: І гэтых людзей арыштавалі?

У.Макей: Не, яны не былі арыштаваныя. Ніхто не быў арыштаваны ў сувязі са святкаваннем гэтага дня. Так, некалькі чалавек былі затрыманыя, але за парушэнні закона, якія былі здзейснены імі раней. Я спадзяюся, Вы зможаце атрымаць больш поўную і канкрэтную інфармацыю ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

«Еўраньюс»: На жаль, нам не ўдалося…

У.Макей: Мы можам даць Вам канкрэтную інфармацыю па гэтых фактах, калі Вы хочаце. Яшчэ раз паўтаруся, ніхто не быў арыштаваны ў сувязі са святкаваннем стагоддзя БНР.

Ёсць тыя, хто хацеў бы арганізаваць правакацыі, выступіць супраць улады. У любой краіне існуе заканадаўства, якое рэгулюе правядзенне дэманстрацыяў, мітынгаў, іншай грамадскіх мерапрыемстваў. І ўсе павінны дзейнічаць у адпаведнасці з гэтым заканадаўствам.

Нагадаем, паводле праваабаронцаў, 25 сакавіка праваахоўнікі затрымалі мінімум 110 чалавек. Дакладна вядома, што ў дачыненні да 12 чалавек у Менску былі складзены пратаколы па арт. 23.34 КоАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Падчас падзеяў 25 сакавіка сілавікі затрымалі 7 журналістаў (у тым ліку 6 журналістаў «Белсату») і 8 назіральнікаў-праваабаронцаў.

Акрамя таго, шэраг актывістаў (Яўген Афнагель, Вячаслаў Сіўчык, Максім Вінярскі ды інш.) былі арыштаваныя прэвентыўна.

ІІ, belsat.eu

Hавiны