Майсей Мазько, у якога міліцыянты знайшлі патроны і выбухоўку, выйшаў на волю


Падазрэнні з актывіста, аднак, не знятыя, крымінальная справа працягваецца. У ізалятары застаецца сын спадара Майсея, Дзяніс.

Уночы на 6 красавіка праціўніка акумулятарнага заводу ў Берасці Майсея Мазька вызвалілі з ізалятару часовага ўтрымання пасля сканчэння 72-гадзінннага тэрміну затрымання. Пра гэта актывіст распавёў «Белсату».

«Мяне падазраюць у здзяйсненні злачынства паводле часткі 2 артыкулу 295 Крымінальнага кодэксу. Абвінавачванне мне пакуль не прад’яўлялі», – распавёў Маісей Мазько.

Майсея Мазько затрымалі 2 красавіка пасля таго, як у машыне, у якой ехаў актывіст, міліцыянты знайшлі патроны, брыкет неўстаноўленага рэчыва, а таксама прадмет, вонкава падобны на запал выбуховага прыстасавання.

Па гэтым факце завялі крымінальную справу.

«Падазрэнні не знятыя, крымінальная справа будзе расследавацца, спадару Маісею давядзецца прыходзіць на допыты – пакуль усё працягваецца. Мы не выключаем, што можа быць і абвінавачальны прысуд», – кажа «Белсату» берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк.

Праз два дні пасля затрымання Мазька вобшук правялі ў ягонага сына, Дзяніса. Цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання ў якасці падазраванага.

72 гадзіны з моманту затрымання Дзяніса скончыцца ўвечары ў нядзелю.

«Ніхто не верыць, што Майсей Сцяпанавіч Мазько мог мець дачыненне да патронаў і выбухоўкі. Відавочна, што гэта было падкінута. Самі абставіны, як гэта адбылося, сведчаць пра тое, што гэта правакацыя, скіраваная непасрэдна на дыскрэдытацыю Мазько і ўсяго мірнага пратэсту супраць акумулятарнага заводу. Яны хочуць запляміць удзельнікаў руху і зрабіць іх у вачох грамадства тэрарыстамі. Людзі, якія ведаюць спадара Майсея, не вераць гэтаму», – заявіў Раман Кісляк.

У чацвер на гарадскіх вуліцах з’явіліся патрэты Майсея Мазька

Паводле праваабаронцы, рэпрэсіі супраць актывістаў выйшлі на новы ўзровень: улады вырашылі ціснуць на праціўнікаў заводу гэтаксама, як на іншых апазіцыянераў.

«Пратэст не спыняецца, дамоўленасці і падманы не дзейнічаюць – таму яго вырашылі згасіць такімі вось жорсткімі метадамі», – працягвае Раман Кісляк.

Hавiны
Затрыманне Мазька – правакацыя ўладаў, лічаць родныя актывіста
2019.04.04 09:14

Адным з элементаў новага ціску сталі ўчорашнія спробы міліцыі затрымаць праціўніцу пабудовы акумулятарнага заводу Таццяну Фесікаву «за знаходжанне з балонікамі на плошчы Леніна 31 сакавіка».

5 красавіка да яе спачатку прыехалі міліцыянты з Берасцейскага РАУС. Пасля – з Ленінскага РАУС Берасця. За гэты час каля дому Таццяны сабраліся суседзі і сябры. Пазней стан спадарыні Таццяны пагоршыўся, у выніку яе шпіталізавалі. Яна знаходзіцца цяпер у аддзяленні кардыялогіі Берасцейскага абласнога шпіталя.

«У гэтым ёсць як элемент індывідуальна скіраванай помсты, гэтак і агульнага запалохвання ўсіх праціўнікаў акумулятарнага заводу – на кагосьці можа і падзейнічае. Але бачу, што мноства людзей не баіцца. Учорашнія падзеі каля дому Таццяны Фесікавай пацвярджаюць, што людзі абураныя і раззлаваныя на тое, як дзейнічаюць улады і праваахоўныя органы», – дадаў Кісляк.

Акумулятарны завод у прамысловай зоне «Берасце» будуе кампанія «АйПаўэр». З мінулага лютага ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёну, а таксама яе прыхільнікі змагаюцца супраць запуску заводу ды ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекту. Кожную нядзелю яны збіраюцца на плошчы Леніна ў Берасці, каб пакарміць галубоў ды паразмаўляць пра завод.

Прадстаўнікі ТАА «АйПаўэр» і чыноўнікі запэўніваюць, што парушэнняў падчас будаўніцтва няма.

У сакавіку старшыня Берасцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс заявіў, што калі выявяцца парушэнні экалагічнага і прыродаахоўнага заканадаўства, акумулятарны завод працаваць не будзе.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў