«Магчыма, ён прыбірае канкурэнтаў?». Што мы пабачылі на адзіным масавым пікеце за Лукашэнку


З канца траўня ў розных гарадах Беларусі людзі выстройваюцца ў кіламетровыя чэргі, каб пакінуць подпіс за патэнцыйных апанентаў Лукашэнкі на сёлетніх выбарах. 5 чэрвеня ў Менску ля гандлёвага цэнтру Dana Mall прайшоў адзіны масавы пікет у падтрымку дзейнага кіраўніка дзяржавы. Belsat.eu распавядае, як гэта выглядала.

За некалькі дзён да пікету ад нашых крыніцаў паступалі паведамленні, што збор подпісаў за вылучэнне Аляксандра Лукашэнкі ў кандыдаты пройдзе ў Менску, задзейнічаныя БРСМ і «Белая Русь», аднак дакладнае месца і час былі невядомыя.

Як высветлілася, гэты пікет праходзіў ля гандлёвага цэнтру Dana Mall. Прыкладна а 16-й гадзіне там выставілі намёты праўладныя арганізацыі: БРСМ, «Белая Русь» і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, чый старшыня Міхаіл Орда адначасова ўзначальвае перадвыбарчы штаб Лукашэнкі.

Дадалося відэа
У Беларусі адзінкавыя пікеты за Лукашэнку. Стрым «Белсату» з пікету ў Менску
2020.06.05 16:55

Бліжэй да 17-й гадзіны амаль уся пляцоўка перад гандлёвым цэнтрам запоўненая людзьмі. Ля намётаў і тумбаў развяваюцца чырвона-зялёныя сцягі, з калонак гучаць песні беларускіх эстрадных выканаўцаў. Дзяўчыны ў майках з надпісам «БРСМ» спрабуюць танчыць у рытм. Мужчына ў мегафон заклікае «шаноўных грамадзянаў» пакінуць подпіс за Лукашэнку. Са стэндаў на натоўп пазірае фота Лукашэнкі ў суправаджэнні лозунгу «За Беларусь. Суверэнную. Справядлівую. Бяспечную».

Хлопцы ў масках гуляюць у настольны футбол (гэтыя цацкі адмыслова расставілі ля пікету). На просьбу патлумачыць, чаму яны тут, адказваюць, усміхаючыся: «Не, выбачайце, мы не будзем даваць ніякіх каментароў».

У чарзе да намётаў, дзе можна пакінуць подпіс, стаіць пераважна моладзь і жанчыны сярэдняга веку. Крыніца belsat.eu паведаміла, што туды настойліва заклікалі школьных настаўнікаў, універсітэцкіх выкладчыкаў і студэнтаў. Пытаемся ў двух дзяўчат, што сціпла стаяць па-за чаргой:

Што вам паабяцалі за ўдзел у пікеце?

Ды нічога асабліва (смяюцца)

Вы, хіба, бачылі ў інтэрнэце чэргі да альтэрнатыўных патэнцыйных кандыдатаў. Як гэта звязана з тым, што адбываецца тут цяпер?

Магчыма, ён гэтак прыбірае канкурэнтаў?, – кажа адна з іх.

Наша суразмоўца прызнаецца, што ёй усяго 17, а 18 спаўняецца акурат у жніўні, калі адбудуцца выбары. Абедзве сяброўкі кажуць, што пакуль не вызначыліся з сімпатыямі адносна патэнцыйных кандыдатаў. Свае ВНУ яны не называюць.

БРСМ і іншыя… Прыхільнікі дзейнага кіраўніка ў чарзе на подпіс за ягоную кандыдатуру.
Фота: «Белсат»

Заўважаем, што на месца прыбыла здымачная група «Беларусь-1». Адначасова людзі ў цывільным вядуць аператыўную здымку падзеі. Тут жа, ля прыпынку, людзі чакаюць транспарту.

Што думаеце пра вылучэнне Лукашэнкі на шосты тэрмін?

Ну, няхай вылучаецца, кожны чалавек мае права. Я думаю так: усё яшчэ наперадзе.

У каго? У яго?

У нас усё наперадзе, – смяецца жанчына.

Большасць прысутных катэгарычна адмаўляецца ад каментароў. Хлопец, якому на выгляд гадоў 18, тлумачыць сваю адмову тым, што «Белсат» – не беларускае, а замежнае тэлебачанне», а ён, маўляў, супраць такіх СМІ. Праўда, мы не пабачылі, каб ён ахвотна даваў каментар дзяржаўнаму «Беларусь-1».

Я прачытала ў інтэрнэце і прыйшла непасрэдна… Я за нашага прэзідэнта, – кажа жанчына сярэдніх гадоў.

А ці вы бачылі чэргі за альтэрнатыўных прэтэндэнтаў?

Не звяртала ўвагі, бо перамяшчаюся па горадзе на машыне.

Чаму сімпатызуеце дзейнаму кіраўніку дзяржавы?

Бо мне падабаецца жыць у стабільнай краіне, дзе ўсяго гэтага не адбываецца…

У цэнтры Менску пікет за Аляксанадра Лукашэнку.
Фота: «Белсат»

Да чаргі падыходзіць дзяўчына-студэнтка, якая адразу кажа нам, што ніякіх бонусаў ва ўніверсітэце ёй за гэта не прапаноўвалі:

«Я тут, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак абраць правільнага кандыдата», – сцвярджае яна.

Людзі ў чэргах – пераважна ў масках, але асобныя прыйшлі без іх. Запытваем у маладога мужчыны ў чорных акулярах, чаму ён тут.

«Бо я за тое, каб Беларусь заставалася Беларуссю. Каб не быў уведзены каранцін, каб нам не апраналі наморднікі, як у Еўропе. Таму што ўсе астатнія кандыдаты або прарасейскія, або купленыя».

Чэрвеньскі дзень робіцца спякотным. Маладзёны адыходзяць у цень – пакурыць і пасмяяцца з нечага, чым ня хочуць дзяліцца з журналістамі. Натоўп паступова радзее. Ля настольнага футболу дзяўчыны актыўна абмяркоўваюць не палітыку, а свае стасункі з хлопцамі. На палатнянай торбе адной з іх надпіс «Ты можешь мыслить иначе».

У намётах грамчэй уключаюць музыку: «Беларусь, Беларусь, мы – народ этой гордой и сильной страны», – даносіцца з дынамікаў.

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў