«Мадней чым быць блогерам». У Беларусі выявілі самых уплывовых інфлюэнсераў

У Менску прадставілі рэйтынг самых уплывовых лічбавых інфлюэнсераў Беларусі – лідараў меркаванняў у сацыяльных сетках. Ініцыятарам даследавання выступіла парасонавая арганізацыя Digital Communication Network (DCN), якая мае прадстаўнікоў у 27-і краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Каўказу і Балканах.

Злева на права: Павал Белавус, Эдуард Пальчыс, Дзяніс Блішч. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Як адзначыў падчас прэзентацыі віцэ-прэзідэнт DCN Франак Вячорка, ініцыятыва скласці падобны рэйтынг узнікла ў сувязі з узмацненнем праблемы дэзынфармацыі і фэйкавых навінаў з мэтай умацаваць незалежныя, свабодныя і нефармальныя каналы інфармацыі, а з удзелам тых, хто патрапіў у рэйтынг, – ствараць медыйныя і сацыяльныя кампаніі, і нават бізнес-праекты.

Падчас даследавання аўтараў не цікавілі знакамітасці і мадэлі, якія проста маюць вялікую колькасць падпісчыкаў, але тыя, хто ў камунікацыі з падпісчыкамі ўздымае сацыяльныя і палітычныя тэмы. У разлік браліся тры пляцоўкі – Facebook, Twitter і Youtube, а таксама часткова Instagram. Лідары меркаванняў былі падзеленыя на некалькі падгрупаў: журналісты, блогеры, палітыкі, палітычны гумар, знакамітасці, інтэлектуалы, грамадскія актывісты і бізнес. Апроч колькасці падпісчыкаў, аналізаваліся таксама сродкі, якія ўжываюць лідары меркаванняў (аўдыё, відэа і тэкст), іх стратэгія і тактыка, а таксама рызыкі трансляцыі імі фэйкавых навін і маніпуляцый.

Ганна Бонд. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Як адзначыла кіраўніца даследавання па Беларусі Вераніка Лапуцька, сярод беларускіх лідараў меркаванняў жанчын апынулася меншасць – толькі 19%. Яшчэ 1% склалі знакамітасці, а вось доля блогераў склала ажно 65%. Паводле яе, гэта з’яўляецца тыповым для постсавецкіх краін, дзе дагэтуль існуе праблема са свабодай слова. На яе думку, такая сітуацыя будзе захоўвацца і надалей.

Як распавяла блогерка Ганна Бонд, якая патрапіла ў рэйтынг, каб стаць паспяховым у сацсетках, няма ніякага алгарытму.

«Ты альбо падабаешся, альбо не. Я максімальна шчырая. Інфлюэнсер – вельмі прыемная рэч, мадней чым быць блогерам», – падкрэсліла блогерка, дадаўшы, што падымае сацыяльныя тэмы, бо не можа «быць безудзельнай, калі справы тычацца сям’і».

На яе думку, пашыраць аўдыторыю можна толькі лаяльнасцю, а важныя пытанні трэба асвятляць простай і лёгкай мовай.

Андрэй Елісееў.Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

У сваю чаргу блогер Эдуард Пальчыс, ацэньваючы рэйтынгі, адзначыў важнасць якасці чытацкай аўдыторыі.

«50 чалавек у Адміністрацыі прэзідэнта важней за 200 тысяч школьнікаў», – сказаў ён.

Як заявіў Франак Вячорка, важная задача – зрабіць даследаванне практычным, каб яго можна было капіталізаваць у пэўныя кампаніі.

Франак Вячорка. Фота Ірына Арахоўская/Belsat.eu

«Людзі не давяраюць медыям, а давер інфлюэнсерам расце імкліва», – сказаў ён, падкрэсліўшы, што сам праект не тычацца палітыкі, але перадусім культуры, адукацыі, спорту, бізнесу.

Пры гэтым, на яго думку, інфлюэнсеры – гэта не тыя, «каго можна наняць і ўкласці ў вусны думкі». Таксама сярод праблемаў беларускай медыя-супольнасці ён назваў тое, што «ніхто нікому не давярае і ўсе ўсіх баяцца», у выніку чаго цяжка арганізаваць іх супрацу.

Тым не менш, удзельнікі прэзентацыі ўжо паспрабавалі вызначацца з супольнымі кампаніямі, якія б маглі аб’яднаць розных лідараў меркаванняў. Гэтак, кіраўнік symbal.by Павел Белавус прапанаваў падчас перапісу 2019 года прасоўваць у якасці роднай мовы беларускую, падтрымліваць каштоўнасць дзяржавы як ідэі. А Ганна Бонд прапанавала зрабіць акцэнты на спорце, здароўі, пісьменнасці, сямейных каштоўнасцях і духоўнасці.

 

Фота Ірына Арахоўская/Belsat.eu

Што тычацца ўзаемадзеяння з уладамі, то, на яе думку, яно проста знішчаецца, бо чыноўнікі не разумеюць, як можна вырашаць праблемы.

«Дрымучыя людзі сядзяць, яны не разумеюць хто такія блогеры і інфлюэнсеры», – адзначыла блогерка, заявіўшы, што нічога не зменіцца ў краіне пакуль чыноўнікі і дэпутаты самі не выйдуць у сацсеткі.

Эдуард Пальчыс дадаў, рабіць гэтага яны не будуць, бо іх не абіраюць людзі, а прызначаюць зверху.

МГ/Belsat.eu

Збіральнікі лайкаў: колькі зарабляюць беларускія блогеры?

Hавiны