Людзі на балоце – па калена ў пяску. На Беларусь насоўваецца пустэльня


Вясна-2020. Гаспадарка «50 гадоў Кастрычніка» дапамагае людзям садзіць бульбу. Рэпартаж «Пустэльня наступае!» Сяргея Плыткевіча

Шэраг прыродаахоўных няўрадавых грамадскіх арганізацыяў рыхтуюць супольны ліст з прапановамі, як стрымаць апустыньванне беларускіх зямель. Максімум праз два тыдні ліст накіруюць у Адміністрацыю прэзідэнта і ў Міністэрства прыродных рэсурсаў.

Людзі на пяску

Штуршком да гэткае ініцыятывы стаўся фотарэпартаж «Пустэльня наступае!» фатографа і журналіста Сяргея Плыткевіча, які праехаўся па паўднёвай частцы краіны і быў шакаваны сустрэтымі дзюнамі і пылавымі бурамі, якія літаральна засыпалі пяском край, вядомы перадусм сваімі балотамі.

«У роднай вёсцы Івана Мележа – Глінішча, якая фігуруе ў «Людзях на балоце», ёсць помнік у выглядзе хаты палешука, якая нібы стаіць пасярод балота. Сёння гэтую вёску засыпае пяском, – з прыкрасцю распавядае «Белсату» Сяргей Плыткевіч. – Потым напаткаў пылавую буру на калгасным полі. Найбольш уразіла, як людзі саджаюць бульбу і іх літаральна засыпае пяском. Гэта жах! Пры гэтым мне казалі: «Ды гэта яшчэ дробязь! А вось на мінулым тыдні быў вецер, дык на мясцовых могілках пяском плот засыпала сантыметраў на 15-20!»

Вясна-2020. Гаспадарка «50 гадоў Кастрычніка» дапамагае людзям садзіць бульбу. Рэпартаж «Пустэльня наступае!» Сяргея Плыткевіча

Бульбу саджалі працаўнікі калгасу «50 гадоў Кастрычніка», гэта Рэчыцкі раён Гомельшчыны. Людзі працавалі ў распіратарах – штопраўда, бараніліся не ад каранавірусу, які апанаваў сёння краіну, але ад… пяску.

«Гэта папросту супадзенне, – паціскае плячыма галоўны аграном гаспадаркі Мікалай Быкоўскі. – Фатограф прыехаў, калі мы саджалі бульбу для нашых працаўнікоў на ўчастках. Акурат прыляцеў той сухавей. Падобныя буры тады не толькі ў нас былі. А так у нас усё нармальна. Ураджайнасць добрая была нават летась, калі была моцная засуха. І пагатоў 35-40 % мы нават выкарыстоўваем пад паўторныя пасевы, то бок паспяваем сабраць 2 ураджаі цягам сезону. Апустыньвання ў нас пакуль што няма».

Зрэшты, прызнае аграном, праблема ўсёткі ёсць:

«Ад сакавіка ў нас не было аніводнага дажджу. Былі пясчаныя «завірухі» і раней, але вось гэткай, як сёлета, яшчэ не было. Папросту зіма бясснежная выдалася, – тлумачыць Быкоўскі. – А таму зямля, якая была дагэтуль цалкам апрацаваная і заараная, пад цяжарам снегу не асела і засталася гэтак ляжаць. То бок структура глебы была рыхлая, і яна хутчэй высахла, а тут гэтыя моцныя вятры – і панесліся пылавыя буры!»

І гэткая сітуацыя – не толькі ў Рэчыцкім раёне. Пад публікацыяй рэпартажу, якім Сяргей Плыткевіч падзяліўся і на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, пачалі пісаць людзі і з іншых рэгіёнаў краіны, у тым ліку з Гарадзеншчыны ды Меншчыны, ды распавядаць пра падобныя праблемы.

«Я здымаў таксама і ў Лоеўскім, Брагінскім, Хойніцкім ды Калінкавіцкім раёнах – і паўсюль, дзе былі адкрытыя палі, як толькі ўздымаўся вецер, пачынала сыпаць пяском. Я сам родам з Петрыкаўскага раёну Гомельшчыны. Нічога падобнага ані ў маім дзяцінстве, ані яшчэ гадоў 10-15 таму – не было», – дадае Плыткевіч.

Чаму пясок наступае?

Апустыньванне Палесся. Мяжа Лоеўскага і Рэчыцкага раёнаў. Фота Сяргея Плыткевіча

Пра тое, што праблемы з апустыньваннем у нас усё-ткі ёсць, сведчаць і афіцыйныя дакументы. Дэградацыя глебаў прызнаная адной з пагрозаў нацыянальнай бяспецы Беларусі. З 2001-га года нашая краіна з’яўляецца ўдзельніцай Канвенцыі ААН па барацьбе з апустыньваннем/дэградацыяй зямель. У 2015-м Савет міністраў зацвердзіў стратэгію яе рэалізацыі, а таксама Нацыянальны план дзеянняў па перадухіленні дэградацыі зямель (у тым ліку глебы), які сканчаецца сёлета. У верасні 2019-га была зацверджаная Стратэгія адаптацыі сельскай гаспадаркі Беларусі да зменаў клімату.

Крыху статыстыкі. Беларусь ўваходзіць у топ-20 краін паводле велічыні долі ворыўных зямель на чалавека (0,6 га). Пры гэтым, паводле Мінпрыроды, 29 са 118-ці раёнаў нашай краіны знаходзяцца ў групе з неспрыяльным экалагічным станам зямель, 62 раёны – неспрыяльныя для вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Сярэдні бал урадлівасці беларускіх глебаў невысокі – 32 са 100 магчымых.

Аб’ектыў
У Беларусі з’явілася новая кліматычная зона
2019.07.24 21:55

Каб знайсці развязанне праблемы, трэба ведаць яе прычыны. Што набліжае апустыньванне Беларусі, тлумачыць загадчык кафедрай навукова-даследчай лабараторыі экалогіі ландшафтаў геаграфічнага факультэту БДУ Валянцін Яцухна:

«Па-першае, гэта глабальныя змены клімату, якія прынеслі ў Беларусь засухі, найбольш характэрныя сёння акурат для Палесся. Бяда ў тым, што ў гэтым рэгіёне пераважаюць лёгкія глебы: пясчаныя, супяшчаныя, падсціланыя пяскамі. І асабліва ранняю вясною ды позняй восенню, калі праз высокія тэмпературы паветра колькасць вільгаці ў глебе змяншаецца, першасныя асновы апустыньвання ўжо можна прасачыць».

Вясна 2020. Выезд з Лоева на Брагін. Рэпартаж «Пустэльня наступае!» Сяргея Плыткевіча

Другая важная прычына – гэта гаспадарчая дзейнасць чалавека.

«Калі вельмі інтэнсіўна выкарыстоўваць лёгкія глебы пад культуры, якія вымагаюць шмат вільгаці, гэта негатыўна адбіваецца на водным рэжыме глебы. Таксама мы маем вельмі высокую ступень гаспадарчай засвоенасці тэрыторыі за кошт буйнамаштабнай плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў. Найперш гэта датычыць меліяратыўных аб’ектаў, дзе таксама ёсць лёгкія глебы, часцяком не пакрытыя расліннасцю. І калі вецер узмацняецца, гэта вядзе да дэфляцыі – ветравой эрозіі глебы».

Яшчэ адную прычыну набліжэння апустыньвання называе Сяргей Плыткевіч – гэта знішчэнне ўнутрыпалявых ахоўных лесапалосаў, створаных яшчэ ў 1970-1980-х гг.

«Яшчэ 5-10 гадоў таму едзеш па дарозе, а па ўзбочынах – палосы з дрэваў, якія, калі дзьме вецер, затрымліваюць пясок. Аднак 3-5 гадоў таму іх папросту выкарчавалі! У маім рэпартажы я згадваю дарогу, на чвэрць засыпаную пяском – гэта… кальцавая вакол Лоева! Дзвесце метраў – і пачынаюцца дамы! Ці ж гэта не жах? Лоеўцы кажуць: мы не можам адчыніць вокны ў кватэрах на другім-трэцім паверху, бо засыпае пяском!

Як уратаваць Палессе

Пасля сухой зімы ў 2020 годзе палі на беларускім Палессі замятае пяском. Рэпартаж «Пустэльня наступае!» Сяргея Плыткевіча

Яшчэ нядаўна тэрыторыя Беларусі адносілася да зоны празмернага ўвільгатнення, кожны сёмы гектар краіны быў балотам. Не пусціць пустэльню ў Беларусь усцяж магчыма – намаганнямі дзяржавы і мясцовых жыхароў, упэўнены Валянцін Яцухна:

«Найперш трэба змяніць структуру пасяўных плошчаў, вырошчваць засухаўстойлівыя култьутры. Гэта ўжо робіцца. Таксама ёсць праекты, якія рэкамендуюць выводзіць з сельскагаспадарчага абарачэння землі, найбольш уразлівыя да зменаў клімату. Да прыкладу, праграма «Аптымізацыя пасяўных плошчаў Рэспублікі Беларусь», якая мае стартаваць ужо налета, – тлумачыць навуковец.

Аб’ектыў
На Альманскіх балотах знікаюць журавіны
2019.10.30 21:54

Што да ўплыву грамадскасці, можна ўзгадаць праект будаўніцтва дарогі праз Альманскія балоты, які пагражаў экалагічнаму стану рэгіёна. На сёння працы там цалкам спыненыя, у тым ліку праз актыўны ўдзел экалагічнай супольнасці.

Валеры Руселік Belsat.eu

Стужка навінаў