«Людзі баяцца, што мы кантактныя». Як працуюць менскі доктар і фельчар раённай хуткай ва ўмовах пандэміі


Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Belsat.eu пагутарыў з медыкамі з Менску і Менскай вобласці і даведаўся, ці забяспечаныя яны сродкамі абароны, куды змяшчаюць патэнцыйна інфікаваных і які дыягназ кіраўніцтва дазволіла пазначаць у афіцыйных дакументах.

«Сёння любы супрацоўнік майго шпіталю – кантакт першага ўзроўню»

Наш першы суразмоўца не хоча называць свае імя. Ён працуе лекарам у адным з аддзяленняў шпіталю хуткай дапамогі ў Менску, не пераабсталяваным пад працу з каронавіруснай інфекцыяй. Паводле яго, у аддзяленне даволі часта трапляюць пацыенты з профільнай паталогіяй, але потым у іх выяўляецца каронавірус.

«Многія захворванні могуць даваць тэмпературу, і «хуткая» на пачатковым этапе не можа вызначыць, ці чалавек інфікаваны. А яму патрэбная, напрыклад, хірургічная дапамога. Такія пацыенты ўсё адно трапляюць да нас, гэта выключыць немагчыма. Спачатку ў іх можа нават не быць ніякіх рэспіраторных сімптомаў, а калі пачынаем раіць мазкі, камп’ютарную тамаграфію, аналізы – выяўляецца COVID-19. А да таго моманту мы, атрымліваецца, з імі кантактавалі», – кажа ён.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Лекар сцвярджае, што каранцінныя мерапрыемствы ў шпіталі дзейнічаюць даўно. Напрыклад, абмежаваныя візіты сваякоў. Аднак цягам апошніх двух тыдняў, на якія прыйшоўся ўсплеск інфекцыі, ён і ягоныя калегі ў аддзяленні працавалі фактычна без сродкаў абароны.

Hавiны
«Трэба дзейнічаць». Беларусы стварылі мапу для медыкаў і валанцёраў «спасём.бел»
2020.04.07 09:55

«Цягам двух тыдняў мы сутыкаліся з тым, што на цэлую змену ў 24 гадзіны мелі ўсяго дзве-тры маскі, а іх жа трэба мяняць кожныя дзве гадзіны. Таксама ў мінулую сераду нам выдалі па адным рэспіратары. Больш-менш нармальна забяспечваць сродкамі абароны пачалі толькі з мінулага тыдня. Учора ўжо з’явілася дастаткова рэспіратараў, СЧК (супрацьчумныя касцюмы).

Мы не ведаем, адкуль яны дакладна: ад дзяржавы або валанцёры перадалі. Думаю, калі б гэта было ад дзяржавы, яны б усе былі аднатыпныя, а мы тут ходзім хто ў чым. Нейкага запасу сродкаў абароны няма, карыстаемся «тут і цяпер», – працягвае наш суразмоўца.

Фота Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Ён адзначае, што за гэты час працы без касцюмаў многія ягоныя калегі не проста сталі кантактамі першага ўзроўню, але некаторыя і захварэлі. І дапускае, што гэта датычыць і пацыентаў без каронавірусу, бо «падазраваныя» у іхным аддзяленні ніяк не ізаляваныя.

«Мне падаецца, сёння пра любога супрацоўніка майго аддзялення можна сказаць, што ён кантакт першага ўзроўню. А лік хворых медыкаў ідзе на дзясяткі. Як толькі прыходзіць станоўчы вынік тэсту пацыента, мы, канешне, яго адразу пераводзім, але да таго моманту жорсткага рэжыму, калі людзі не пакідаюць палату, няма. Яны ўсё адно выходзяць з палат і кантактуюць», – тлумачыць ён.

Больш за ўсё, паводле слоў лекара, яму і калегам не хапае інфармацыі і празрыстасці: «Усе дадзеныя атрымліваем, адкуль і ўсе: са справаздачаў Мінздароўя, з медыяў. Ганяемся за кавалачкамі інфармацыі – і ад гэтага не вельмі камфортна»

«На ўсіх выкліках з тэмпературай падазраём COVID-19»

Фельчар брыгады «хуткай дапамогі» Цэнтральнай раённай больніцы Крупак Уладзімір Макаранка некалькі тыдняў перавёўся з Барысава. Ягоным калегам быў памерлы 50-гадовы фельчар Васіль Ліпілін.

Макаранка вядзе свой канал на YouTube, дзе распавядае пра актуальныя праблемы беларускіх медыкаў.

Цяпер на ўсе выклікі з павышанай тэмпературай «хуткая» выязджае ў СЧК – падазраюць COVID-19.

«Партыя з 60 камплектаў кітайскай вытворчасці паступіла ў наш раённы шпіталь у мінулую сераду. Гэта менавіта ад дзяржавы. Да таго моманты мы працавалі ў беларускіх СЧК, але яны па сваім выглядзе не выклікалі даверу», – кажа Уладзімір.

Ён адзначае, што апошнім часам выклікаў на тэмпературу стала меней.

«Людзі баяцца, што мы кантактныя, таму замест «хуткай» часцей звяртаюцца ў прыёмныя пакоі. У нашай ЦРБ зрабілі раздзяленне патокаў: пацыенты з болем у жываце не перасякаюцца з тымі, у каго тэмпература. Іх аглядае іншы лекар у асобным кабінеце. Таксама нядаўна ў Крупках пачалі рабіць тэсты на каронавірус, але такіх пацыентаў у шпіталі не трымаюць, адпраўляюць у «інфекцыёнку» у Барысаў, а адтуль пацверджаныя выпадкі – у Менск», – распавядае фельчар.

«Адным з апошніх распараджэнняў кіраўніцтва быў дазвол брыгадам «хуткай» афіцыйна ставіць дыягназ «падазрэнне на COVID-19» або пісаць у дакументах «кантакт першага/другога ўзроўню», – дадае ён.

Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

У саміх Крупках людзі заўважна расхваляваныя, дадае фельчар. Паводле яго, па горадзе ходзяць пераважна ў масках, у шпіталь – абавязкова ў масцы. Аднак ён не раіць насіць маскі на адкрытай прасторы, а выкарыстоўваць для памяшканняў, бо іначай пад ёй утворыцца цёплае вільготнае асяроддзе, спрыяльнае для памнажэння бактэрый.

Hавiны
«Дапамажыце сёння, бо заўтра не будзе каму ратаваць хворых». Барысаўскія медыкі просяць дапамогі
2020.04.10 20:46

Што да каранціну, то, паводле Уладзіміра Макаранкі, ён патрэбны ў першую чаргу для сістэмы аховы здароўя. «Каб не адначасова да нас прыйшлі тры тысячы чалавек, а каб яны расцягнуліся на два-тры месяцы, а медыкі паспявалі з імі працаваць», – тлумачыць ён.

***

Па стане на 14 красавіка ў Беларусі зарэгістраваны 3 281 выпадак інфікавання каронавірусам. З іх былі шпіталізаваныя 2 444 чалавека, астатнія лечацца амбулаторна. 57 знаходзяцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх. 33 пацыенты памерлі. Паводле намесніцы міністра аховы здароўя Алены Богдан, у бліжэйшыя два-тры тыдні прагназуецца прырост у 300-400 выпадкаў каронавірусу за содні.

Hавiны
Каранцін без каранціну. Як каронакрызіс змяніў жыццё беларусаў
2020.04.10 16:32

KA belsat.eu

Стужка навінаў