Любоў і нянавісць Рыгора Барадуліна


Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, якому сёння споўнілася б 85 гадоў, нагадваў штукара, які з самай банальнай тэмы выкруціць нешта вершавана дзівоснае.

Майстар нечаканых, амаль сюрэальных параўнанняў

Ліфт параўноўвае з «людажэрам», які глытае жыхароў дому. Снег у яго падае «нібы шыпячых зычных збег». Бярозы – гэта «пасівелыя скроні зямлі». У партызанскім краі «павукі дагэтуль вяжуць сеткі, як мішэні». Душа, паводле Барадуліна «у цела… заляцела, каб цела ласкава калоць, як ластаўка вострым крылом…»

Для яго часам было галоўнае не пра што прамаўляць, а як

Барадулін з хлестакоўскай лёгкасцю пры любой уладзе па-версіфікатарску бліскуча адгукаўся пра ўсё надзённае, а таму і ў савецкія часы, і калі прыйшла жаданая незалежнасць – умеў быць цікавым і запатрабаваным.

Аб’ектыў
Пяць гадоў без Барадуліна
2019.03.02 20:38

Ганіў беларускіх эмігрантаў, пра што пазней прасіў прабачэння

У 1966 годзе разам з Генадзем Бураўкіным, Васілём Быкавым, Анатолем Вярцінскім, Нілам Гілевічам, Іванам Пташнікавым, Барысам Сачанкам, Іванам Чыгрынавым у артыкуле «Не вам беларусамі звацца!» гнеўна прамаўляў: «Недзе на Захадзе… жыве кучка адшчапенцаў, якія таксама называюць сябе беларусамі. Колькі часу яны не хочуць змірыцца з тым, што не можа быць… ніякай іншай Беларусі, акрамя Беларусі Савецкай, што не патрэбен беларускаму народу ніякі іншы лад, акрамя савецкага ладу… Лінія партыі, ачышчаная ад скажэнняў культу асобы, ад валюнтарызму і кан’юнктуршчыны, – наша лінія». У 1995 годзе Барадулін пісаў: «…Мы мусім папрасіць у нашае эміграцыі прабачэння за тыя цэбры памыяў, за ўсе тыя абразлівыя ярлыкі, якія вылівалі на іх, навешвалі на іх па ўказцы КДБ і партыі…»

Складаў вершы і крытыкаваў сябе за іх

Барадулін складаў процьму вершаў пра Леніна, партыю, піянераў, светлую камуністычную будучыню, але адначасова і публічна крытыкаваў сябе за гэта. У кнізе «Прынамсі» (1977) можна знайсці верш «Самакрытычныя нататкі», дзе ёсць такія радкі:

Я ездзіў на новабудоўлі,

Пісаў рэпартажы вершамі,

Дзе вобразы і дэталі

Былі па парадку развешаны,

Як на святочных ёлках

Рознакалёрныя цацкі.

Былі туманы ў мяне золкія,

Героі –

ударнікі працы.

Даваў «на-гара» рамантыку,

Наколькі быў толькі здатны.

У рыфмаваныя рамкі

Ставіў герояў дадатных.

Помню, у вагоне аднойчы

Клапы мяне елі едма,

А потым пісаў,

што ноччу

Адчуў я з прыродай еднасць…

ВІДЭА
Збег са школы, сустракаўся з Папам Рымскім і намінаваўся на Нобэлеўскую прэмію. Сёння – Дзень Народзінаў Рыгора Барадуліна
2018.02.24 18:37

Спадзяваўся, што моладзь вернецца да нацыянальнай свядомасці

У інтэрвʼю, якое даваў крытыку Але Сямёнавай для часопіса «Нёман» (1987, № 2), гнеўна адзначаў: «…вырастаюць Іваны, што роду свайго не памятаюць. Ім не дарагая ні свая родная беларуская культура, ні вялікая братэрская расейская. Ім сёння найбольш па смаку касетна-магнітафонная, па-за часавая, па-за нацыянальная, балдзёжная, як кажуць многія маладыя… Хочацца спадзявацца, што ў рэспубліцы ўсё будзе змяняцца да лепшага для беларускай культуры, для беларускай мовы. Парукай гэтаму – ленінскі курс нашай партыі, рашэнні XXVII яе зʼезду…»

Казаў, што ў Нью-Ёрку шмат распусты

Пад час падарожжа ў ЗША (у складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР удзельнічаў у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984 г.) Барадулін выказваў незадавальненне, што ў Нью-Ёрку шмат распусты і людзей нетрадыцыйнай арыентацыі. У вершы «Пятай авеню» лірычны герой ідзе па гэтым «вычварэнскім» горадзе і з жахам адзначае, што вакол яго:

…Мяшанкі,

Лесбіянкі

І сексабізнесмэнкі,

Жадаеш – напракат

Бяры сабе любую ж,

Якую аблюбуеш,

Разутую абуеш,

Разуеш і абутую,

Не зблытаеш абы тую,

Што не пакутуе

Ад той эмансіпацыі,

Якая ўсё абмацвае…

Нязменны ў сваёй любові і нянавісці да пэўных пісьменнікаў

Васіля Быкава і ў савецкія часы, і пазней абагаўляў, называючы «апосталам нацыі». Лепшымі сябрамі лічыў Міхася Стральцова (якому прысвяціў вялікую колькасць бліскучых вершаў) ды Уладзіміра Караткевіча. Пятруся Броўку (нягледзячы на яго вонкавую «савецкасць») любіў і з гумарам згадваў, як той, нападпітку ўгаворваў Барадуліна ўступіць у партыю. Быў вялікім прыхільнікам Пімена Панчанкі, пра творчасць якога напісаў не адзін хваласпеўны артыкул. З вялікай цеплынёй згадваў пра аднаго з лепшых крытыкаў і сталінскага вязня Рыгора Бярозкіна, хоць той і ўпікаў Барадуліна за тое, што паэт шмат вершаў прысвячае маме. Бярозкін іранічна казаў: «Ну, што ты, Грыша, як маленькі… Усё «мама-мама…» Па-бацькоўску спачувальна ставіўся да пʼяных выбрыкаў Анатоля Сыса.

У той жа час, Рыгор Барадулін не пераносіў Ніла Гілевіча, які раздражняў сваёй «забранзавеласцю». Адмоўна ставіўся да Максіма Лужаніна, бо лічыў яго агентам КДБ. Са злой іроніяй пісаў у дзённіках пра Адама Глобуса, называючы яго «Ваўкадамчык».

Hавiны
Беларусы аплацілі электрычнасць удаве Рыгора Барадуліна на некалькі гадоў наперад
2019.07.24 11:49

У 90-ыя крытыкі адзначалі, што вялікая колькасць вершаў Барадуліна не пераходзіць у якасць

Генадзь Шупенька дастаткова сурова адзначаў: «Такое ўражанне – яго слоўныя экспромты нават не занатоўваюцца на паперы, а… адразу па тэлефоне перадаюцца ў газеты і часопісы, а тыя – сходу, злёту, без аніякусенькае рэдактуры даводзяць да нас, грэшных, усё-усенькае, хоць там шмат напісанага, «нібы з нашага брата смеючыся» (Генадзь Шупенька. Пра залатароў і слоўныя экспромты // Крыніца. 1996, № 7). Леанід Галубовіч пісаў: «Я… люблю яго маладзейшага, калі ён, асвойваючы азы майстравітасці, у хвіліны натхнення тварыў высокую Паэзію…» (Леанід Галубовіч. «Свята пчалы» // Крыніца. 1996, № 7).

Бліжэй да 60-годдзя Барадулін усё больш паддаецца смутнаглядству і адчаю

У шэрагу яго тагачасных вершаў чытаем: «У душы маёй цёмна, як у труне…», «Я сам сабе даўно хлушу, што непрыгнечаны, вясёлы. А нешта цісне на душу, ці калясніцы кону колы…», «Адчай? Магчыма, што адчай. Ці стома, як зямля сырая, гняце…»

У далейшым паэт ратаваўся гумарам (зборнікі «Асобы рознай пробы» (1994), «Здубавецця» (1996), «Дуліна ад Барадуліна» (2004)), рэлігіяй («Рымскі дыпціх» (2006), «Ксты» (2006)).

Песімістычна глядзеў на беларускую інтэлігенцыю

«Інтэлігенцыя стаяла на падхопе пры залатарах савецкай ідэалогіі. Прынамсі, тая, якая ацалела, здолела захаваць галаву ў чыста фізіялагічным значэнні. Пад час так званай перабудовы беларуская інтэлігенцыя проста разгубілася, не ведаючы, каму служыць, перад кім выслужвацца. Беларускай нашу інтэлігенцыю можна назваць чыста геаграфічна…» (Рыгор Барадулін: «Інтэлігенцыя на падхопе пры залатарах?» // Звязда. 30 снежня, 1995).

Сяргей Піліпчэня Belsat.eu

Стужка навінаў