Лёня Пашкоўскі: У адрозненне ад прэзідэнта, усе гэтыя гады мы развіваліся, раслі, разумнелі
2020.06.21 15:28
Папулярны беларускі трэвэл-блогер, аўтар Youtube-каналу «Хочу домой» Лёня Пашкоўскі пракаментаваў у Instagram перадвыбарчыя падзеі ў Беларусі.
Блогер падкрэсліў, што Беларусі «вельмі патрэбная ўлада, якая ўмее карыстацца не паліцэйскімі дубінкамі, а мозгам».
«Мяне вельмі натхняе тое, якімі спосабамі нам прапануюць змагацца з сістэмай – выключна законнымі. І гэта асабліва эфектна ў сітуацыі, калі беззаконне стала прэрагатывай улады. Я бачу клопат пра людзей у тым, што ў гэты раз нас не заклікаюць выходзіць на вуліцы, не робяць Плошчу першым пунктам сваёй перадвыбарнай праграмы, тлумачаць, што не варта адбіваць людзей, якіх затрымліваюць, у ганебных рабоў у цывільным, каб не зарабіць сабе «крыміналку»», – сказаў ён.
Паводле яго, беларусам упершыню паказалі, што «мы можам набраць крытычную масу не ў выглядзе натоўпу, які гарлапаніць, а ў выглядзе актыўнай супольнасці, у якой кожны можа зрабіць свой абсалютна законны ўнёсак ва ўзлом сістэмы знутры».
Лёня Пашкоўскі заклікаў падтрымліваць ініцыятыву па правядзенні рэферэндуму аб змене канстытуцыі, хоць «і надзеі на хэпі-энд мала».
«Гэта, у першую чаргу, яшчэ адзін прыгожы спосаб паказаць уладзе, што мы не тупы народзец, згодны вечна харчавацца адпіскамі. Што мы, у адрозненне ад прэзідэнта, усе гэтыя гады развіваліся, раслі, разумнелі і гатовыя стаць грамадзянамі прагрэсіўнага і справядлівага грамадства, а не маленькай, беднай афрыканскай дыктатуры пасярод Еўропы», – падкрэсліў блогер.
На яго думку, уступленне ў ініцыятыўную групу для правядзення рэферэндуму «не так страшна і не так балюча, як выходзіць на плошчу», а можа быць больш эфектыўным.
Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка заклікаў правесці агульнарэспубліканскі рэферэндум па змене Канстытуцыі Беларусі. Гэтую ініцыятыву ён агучыў у відэазвароце, які быў запісаны на выпадак арышту.