Лясныя пажары ў Грэцыі: больш за 70 загінулых. Еўразвяз абвясціў жалобу


На паўднёвым усходзе Грэцыі працягваюцца найбуйнейшыя за апошняе дзесяцігоддзе лясныя пажары. Паводле апошніх дадзеных, стыхійнае бедства забрала жыцці 74 чалавек.

Як паведамляе BBC, многія з загінулых не змаглі пакінуць вёску Маці ў 40 кіламетрах на паўночны ўсход ад Афін. Людзі загінулі, задыхнуўшыся дымам, проста ў сваіх дамах і аўтамабілях. Гэтая вёска была папулярная сярод турыстаў.

Сіла ветру дасягае 100 кіламетраў у гадзіну, і агонь распаўсюджваецца з вялікай хуткасцю. Сотні пажарных змагаюцца з агнём, ратавальнікі на лодках і верталётах эвакуююць людзей з ахопленых пажарамі раёнаў.

Жыхары раёнаў, якія пацярпелі ад лясных пажараў, спрабуюць пакінуць свае дамы. Грэцыя. Фота ЕРА

Некаторыя жыхары прыгарадаў Афінаў засцерагліся, што стыхія можа дайсці да гораду і пакінулі свае дамы. Многія дарогі і іншыя магчымыя шляхі эвакуацыі былі заблакаваныя агнём.

Паводле інфармацыі Чырвонага Крыжа, у двары адной з віл у прыморскай вёсцы Маці, якая знаходзіцца ў эпіцэнтры прыроднага бедства, былі знойдзены целы 26 дарослых і дзяцей. Ратаўнікі сведчаць, што людзі абдымалі адзін аднаго на момант смерці.

UPD. Еўразвяз абвясціў 25 ліпеня днём жалобы. Цягам дня перад усімі рэзідэнцыямі ў Еўраквартале будуць прыспушчаныя сцягі.

Як заявілі ўчора ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі, сярод пацярпелых ад пажараў у Грэцыі няма беларускіх грамадзян.

***

Цяперашнія лясныя пажары ў Грэцыі – самыя моцныя з 2007 года. Тады на поўдні Пелапанэскага паўвострава загінулі дзясяткі чалавек.

Урад Грэцыі звярнуўся да іншых еўрапейскіх краін з просьбай дапамагчы з пажарнымі і верталётамі. Некалькі краін, у тым ліку Італія, Польшча і Францыя, накіравалі ў Грэцыю пажарную авіяцыю, тэхніку і ратавальнікаў.

Стужка навінаў