Кіраўнік краіны на пасяджэнні Савету бяспекі заявіў, што «Беларусь турбуюць спекуляцыі некаторых краінаў на тэму ядравай зброі і беспрэцэдэнтнае нарошчванне ваеннага патэнцыялу краінаў-суседак.
«Упершыню з сярэдзіны мінулага стагоддзя свет знаходзіцца за крок ад узнікнення глабальнага супрацьстаяння з самымі непрадказальнымі наступствамі. Нас вельмі непакояць спекуляцыі некаторых краінаў на тэму ядравай зброі, мілітарызацыя Усходнееўрапейскага рэгіёну, а таксама беспрэцэдэнтнае нарошчванне ваеннага патэнцыялу нашых краінаў-суседак. Гэта датычыць як павелічэння колькасці іх узброеных сілаў, так і выдаткаў на абарону», – цытуе Лукашэнку прэс-служба.
«Ужо даўно мы не сустракалі новы год з такім трывожным настроем», – заўважыў ён.
Лукашэнка дадаў, што за мінулы год у свеце не атрымалася скончыць ніводны з узброеных канфліктаў. Больш за тое, паўсталі новыя агмяні напружанасці, а палітычная канфрантацыя дзяржаў і блокаў атрымлівае заканадаўчае замацаванне ў нацыянальных стратэгіях.
«Разам з бесперапыннымі ўзброенымі канфліктамі і дэманстрацыяй гонкі ўзбраенняў у свеце актыўна выкарыстоўваюцца і іншыя вытанчаныя формы міжнароднага ціску. У іх ліку разнапланавыя санкцыі, шантаж, прыёмы эканамічнага задушвання, інфармацыйныя аперацыі. У той жа час механізмы падтрымання міжнароднай бяспекі практычна не працуюць», – заўважыў Лукашэнка.
І падкрэсліў, што асаблівае значэнне набываюць саюзніцкія стасункі Беларусі.
«Нам удалося прыняць шэраг захадаў, накіраваных на развіццё ўзброеных сілаў краінаў АДКБ, умацаванне іх ваенна-тэхнічнай супрацоўніцы, узмацненне пазіцый у свеце», – адзначыў ён.
У верасні летась беларускія і расейскія войскі правялі супольныя вучэнні «Захад-2017». У шмат каго засталіся трывожныя настроі, ці ўсе расейскія вайскоўцы паехалі дахаты. Перасцярога грунтуецца на тым, што вучэнні прайшлі не так адкрыта, як дэкларавалася.
ДР belsat.eu