Лукашэнку не патрэбныя прыпіскі ў сельскай гаспадарцы: Яны грошай не даюць


Лукашэнка падчас селектарнай нарады.
Фота: president.gov.by

Кіраўнік Беларусі 23 ліпеня на селектарнай нарадзе аб уборцы ўраджаю запатрабаваў максімальнай аддачы падчас уборачнай. Паводле яго, прагноз ураджайнасці сёлета добры, і валавы збор прагназуецца вышэйшы за леташні, паведамілі ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

«Таму ад усіх патрабуецца максімальная аддача, каб усё, што ёсць на палях, у канчатковым выніку апынулася ў засеках», – сказаў кіраўніка дзяржавы і загадаў задзейнічаць усе наяўныя рэзервы.

План на ўборачную кампанію такі: збожжавых і зернебабовых неабходна сабраць 8,672 млн тонаў, рапсу – 766,3 тыс., ільновалакна – 52,6 тыс., цукровых буракоў – каля 5 млн, кукурузы на зерне – 1,717 млн, бульбы – 1,1 млн, гародніны – каля 600 тыс.

Аб’ектыў
«Кароўе пекла» пад Жлобінам. «Белсат» правёў расследаванне
2019.07.17 22:16

«Гэты план павінен быць жалезабетонна выкананы. Выкананне плана, які вызначаны, – закон», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што цяперашняя ўборачная кампанія няпростая, яна пачалася на дзесяць дзён пазней чым звычайна і накладаецца на другі ўкос траваў і сяўбу паржышчавых культураў. Тым не менш, асноўную ўборку Лукашэнка даручыў завяршыць за два тыдні, а за 20 дзён – «адназначна павінны скончыць уборку».

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў забяспечыць жорсткі кантроль нарыхтоўкі льнотрасты і льновалакна, вырошчвання рапсу. «Вы заўважылі, па Расеі шалёная гібель пчолаў у сувязі з тым, што пачалі высейваць у велізарных колькасцях рапс і не ў час апрацоўваць хімічнымі прэпаратамі. Глядзіце, каб у нас гэтага не паўтарылася, бо размова будзе вельмі кароткай», – папярэдзіў ён.

Лукашэнка: прыпіскі грошаў не даюць

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў насцярожанасць «адкрытым галавацяпствам» і прыпіскамі ў сельскай гаспадарцы. Ён даручыў Генпракуратуры і МУС звярнуць на гэта ўвагу і «жорстка патрабаваць».

Hавiны
Прыпіскі, смецце і п’янства: КДК кажа аб праблемах у сельскай гаспадарцы
2019.07.14 16:47

«Нам не патрэбныя гэтыя прыпіскі, яны ж грошай не даюць. Яны збіваюць з панталыку і перашкаджаюць планаваць будучыню», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка нагадаў, што прэм’ер-міністр павінен персанальна адказваць за забеспячэнне комплексу летне-асенніх работ у сельскай гаспадарцы палівам і ўсім неабходным, а міліцыя, КДК і пракуратура – кантраляваць нармальнае ўтрыманне тэхнікі. Сам ураджай ён даручыў «прыбраць з мінімальнымі стратамі, а лепш без іх, калі гэта магчыма».

Увогуле, паводле кіраўніка Беларусі, аграрыі мусяць улічваць змяненні клімату і не працаваць традыцыйна, як «20-30 гадоў таму працавалі». У прыватнасці, ён даручыў звярнуць больш пільную ўвагу на эксперыментальныя палі.

Лукашэнка дадаў, што тэарэтычна рэальна выйсці на ўраджай і ў 10 млн тонаў, калі ўсё акуратна прыбраць і перавыканаць план па кукурузе, сабраўшы каля 2 млн тонаў. На яго думку, дамагчыся высокіх вынікаў у час уборачнай кампаніі можна толькі пры адпаведнай дысцыпліне. У сувязі з гэтым ён даручыў узмацніць барацьбу з пʼянствам у гаспадарках. Кантраляваць гэта кіраўнік дзяржавы даручыў міністру ўнутраных справаў Юрыю Караеву.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў