Другая АЭС, новае свята 5 чэрвеня і рэфармацыя Царквы. Лукашэнка звяртаецца да народу


19 красавіка 2019 года. Аляксандр Лукашэнка звяртаецца да народу і Нацыянальнага сходу. Фота – president.gov.by

Сёння а 10:30 Аляксандр Лукашэнка ў Авальнай зале Дома ўраду выступіў са штогадовым зваротам да народу і Нацыянальнага сходу. Сустрэчу транслявалі па дзяржаўным тэлебачанні і радыё. «Белсат» сачыў за ёй онлайн.

На мерапрыемства запрасілі найвышэйшых службовых асобаў, чальцоў ураду, кіраўнікоў найбуйнейшых прадпрыемстваў, банкаў, рэктараў вучэльняў і замежных дыпламатаў. Журналістаў пусцілі не ўсіх: гэтак, карэспандэнты «Tut.by», «Еўрарадыё» і радыё «Свабода» не атрымалі акрэдытацыі, бо «не было месцаў».

Прэсавая служба Аляксандр Лукашэнкі падае, што на змест паслання паўплываў аналіз зваротаў, якія паступілі напярэдадні сустрэчы з журналістамі, экспертамі і грамадзскасцю 1 сакавіка сёлета.

19 красавіка 2019 года. Аляксандр Лукашэнка выступае з пасланнем народу і Нацыянальнаму сходу ў Авальнай зале Дому ўраду. Фота – president.gov.by

Хроніка онлайн

13:08 Сустрэча скончаная. Яна цягнулася 2 гадзіны 38 хвілінаў.

13:06 «Кожны наркаман у нас мае па дзве машыны», – заявіў Лукашэнка, каментуючы антынаркатычнае заканадаўства.

12:59 «Я гатовы прадаць МАЗ і БелАЗ, але па кошце, які задаволіць уладальніка. Бясплатны сыр толькі ў мышалоўцы. Цяпер попыт на прадукцыю БелАЗу неверагодна вырас», – заявіў Лукашэнка.

12:44 Лукашэнка заявіў аб магчымасці збудаваць другую АЭС на ўсходзе Беларусі.

«Гэта мы цяпер бачым прафіцыт электрычнасці, а нам трэба пераходзіць з прыроднага газу і нафты на электрычнасць», – заявіў ён.

12:30 Алена Анісім прапанавала паставіць у Менску ў стагоддзе стварэння Беларускай савецкай сацылістычнай рэспублікі помнікі дзяржаўным дзеячам БССР – напрыклад, Змітру Жылуновічу. Аляксандр Лукашэнка успрыняў прапанову без энтузіязму.

12:28 Гісторык і дэпутат Ігар Марзалюк прапанаваў Аляксандру Лукашэнку заснаваць 5 чэрвеня, у Дзень ушанавання Еўфрасінні Полацкай, Дзень беларускай дзяржаўнасці. Аляксандр Лукашэнка сказаў, што пытанне цікавае і прапанаваў «падумаць над гэтым».

12:25 Прамова скончаная. Лукашэнка падзякаваў тым, хто сабраўся. Кіраўнік Беларусі пачаў слухаць пытанні тых, хто знаходзіцца ў Авальнай зале.

12:24 «Нам патрэбны таленавіты парламент. Дэпутаты павінныя адчуваць патрэбы грамадства», – сказаў Лукашэнка пра сёлетнія парламенцкія выбары.

12:18 «Я не буду шукаць выгады, каб застацца ўва ўладзе. Выбары павінныя адбыцца ў 2020-м. У 2020-м яны і пройдуць згодна з законам. Мы не будзем гуляцца з народам. А сёлета адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў. Яны стануць экзаменам не толькі для вертыкалі ўлады, але і для выбарцаў», – пракаментаваў Лукашэнка наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

«Давайце правядзем іх блізка к даце 7 лістапада, Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі», – прапанаваў Лукашэнка.

12:05 «Не тая сітуацыя ў краіне, каб душыць інтэрнэт. Трэба ў інтэрнэце працаваць», – лічыць кіраўнік краіны.

11:58 «Нам патрэбная не інтэграцыя дзеля інтэграцыі, а рэальныя вынікі для эканомікі і жыцця людзей», – сказаў Лукашэнка пра Саюзную дзяржаву.

11:55 «Беларусь цікавая не толькі з пункту гледжання турызму, але і камфортная для жыцця», – лічыць Лукашэнка.

11:51 «Заробак прафесійнага спартоўца не павінен быць ніжэйшы за сярэдні па краіне. Астатняе за вынік», – сказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, спартоўцы павінныя быць героямі для беларускіх дзяцей. І звярнуў увагу на саміх дзяцей:

«Да 1 ліпеня спартовыя школы неабходна забяспечыць спартовым інвентаром – мы самі ўмеем яго рабіць».

11:43 «Лекараў саджалі і будзем саджаць. Хірургі за аперацыйным сталом цуды робяць, гэтыя за іх плячыма хабар бяруць. Не трэба пакутваць, што Лукашэнка іх пасадзіў. Мяне мама вучыла: «Не бяры чужога», – пракаментаваў Лукашэнка справу лекараў.

11:40 Лукашэнка заявіў, што Беларусь зарабляе на экспарце лекаў 200 мільёнаў долараў.

11:35 Кіраўнік Беларусі лічыць, што неабходна рэфармаваць Царкву. Паводле яго, людзі, якія кажуць пра неабходнасць мець сем’і і дзяцей, не мусяць быць манахамі:

«Царкву рэфармаваць. Як бы мяне па Бібліі не ўпэўнівалі, мяне ніколі не пераўпэўніш».

11:30 Лукашэнка заявіў, што моўнае пытанне ў Беларусі закрытае:

«У нас дзве дзяржаўныя мовы – расейскай і беларуская, не ўкраінская і расейская. Калі хтосьці хоча страціць розум, ён страціць расейскую мову. Калі сэрца – беларускую. Вы хочаце сэрца ці розум страціць?».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы раскрытыкаваў шыльды на беларускай мове і распавёў, як прымусіў змяніць на расейскую мову беларускамоўны білборд з заклікам выконваць хуткасны рэжым. «Што хацелі гэтым паказаць? 50 % толькі зразумеюць», – падкрэсліў Лукашэнка.

19 красавіка 2019 года. Аляксандр Лукашэнка выступае з пасланнем народу і Нацыянальнаму сходу ў Авальнай зале Дому ўраду. Фота – president.gov.by

11:23 У размове пра пажары сабору Парыжскай Маці Божай, Лукашэнка заявіў, што сярод расейскіх тэлевядоўцаў у яго ёсць нелюбімыя.

11:22 Кажучы пра пытанні незалежнасці, Лукашэнка заявіў, што страты суверэнітэту ніколі не будзе. «Хто пасмее знішчыць Беларусь, хай то прэзідэнт, будзе пракляты беларускім народам. А хто пасмее сілай – атрымае мацнейшы адпор», – сказаў ён.

11:19 «Дзесьці крыжы знеслі – няма большай у вас праблемы. Разбярыцеся, хто гэтыя крыжы ставіў і хто ім дазваляў», – пракаментаваў Лукашэнка крыжалом у Курапатах.

11:15 Лукашэнка даручыў узняць узровень дзяржаўных кадраў. Асаблівая актуальнасць – фармаванне кіраўнікоў новай фармацыі, якія былі б здольныя адаптавацца.

11:11 Лукашэнка заявіў, што ў сельскай гаспадарцы мусіць быць «жэстачайшая дыктатура» і дысцыпліна – «ніякай дэмакратыі і балбатні». Паводле яго, сельскай гаспадаркай мусяць займацца ўсе – ад начальства, спецыялістаў і да міліцыі, бо само кіраўніцтва «не справіцца з праблемамі, якія існуюць у вёсцы».

11:07 Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі зашмат кажуць «пра лічбавую эканоміку, самі не разумеючы, што гэта такое». І прапанаваў прачытаць пра гэта ў «ВікіпедЫі».

11:05 Лукашэнка заявіў, што не пабаяўся прама сказаць прадстаўнікам ІТ, што яны мусяць «ісці ў прысцёжку з МАЗамі, БелАЗамі, МТЗ і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі», бо на 3-D прынтары «дзіця не надрукуеш».

11:03 Лукашэнка назваў даходы насельніцтва прыярытэтнай задачай. Асаблівую ўвагу звярнуў на бюджэтнікаў. Паводле яго, урад мусіць даць ім заробак не ніжэй за 80% сярэдняга па краіне. У прыватнасці, даручыў «падцягнуць» заробкі выхавацельніцы дзіцячых садкоў.

10:59 Лукашэнка заявіў, што зніжэнне ўзроўню занятасці недапушчальна ні пад якой падставай. Пры гэтым ён паабяцаў падтрымку тым, хто стварае новыя працоўныя месцы. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на людзей з інваліднасцю і даручыў размеркаваць іх на прадпрыемствах – «людзі не бедныя». «Сам такім будзеш, магчыма», – падкрэсліў ён, звяртаючыся да кіраўнікоў.

10:55 Лукашэнка сказаў, што сярэдняя пенсія мусіць быць у дыяпазоне 40-50 % ад сярэдняга заробку.

10:53 Лукашэнка заявіў, што ўлады Беларусі ў пытаннях цэнаў «загуляліся ў рынак і дэмакратыю ў эканоміцы». «Цэны павінны быць прымальныя», – заявіў ён. Паводле яго, пляваць, што скажуць на Усходзе ці на Захадзе, «важна, што скажа народ тут».

«Калі цэны пачынаюць дзесьці расці, урад і мясцовыя ўлады павінны тэрмінова рэагаваць», – падкрэсліў ён і заклікаў не хвалявацца, што могуць знікнуць тавары – «не тыя часы».

10:50 Лукашэнка даручыў завершыць мадэрнізацыю НПЗ у 2019-2020 гадах, «каб не хадзілі і не кланяліся, а куплялі як усе». «Мы на фінішнай стадыі», – заявіў ён.

10:46 Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі стварылі ўмовы для малага і сярэдняга бізнесу, але моц народу, паводле яго, у моцных прадпрыемствах. Не адмаўляючы права на самастойную дзейнасць, Лукашэнка заклікаў не забываць пра тых, хто прыносіць моц і славу.

10:45 Лукашэнка назваў тры слупы беларускай дзяржаўнасці: дабрабыт народу, міралюбівая вонкавая палітыка і бяспека грамадзян. Таксама акрэсліў і трыадзіныя задачы: цэны, занятасць, заробкі.

10:40 Лукашэнка: «У пытаннях суверэнітэту і бяспекі ў нашай вонкавай і ўнутранай бяспекі не было і не будзе кампрамісаў». Наша гісторыя пачалася больш за 1000 гадоў таму, але магла б скончыцца ў 1940-х, калі б не гераізм нашага савецкага народу, заявіў ён.

10:35 Лукашэнка: «Канстытуцыя – квінтэсенцыя беларуская дзяржаўнасці». Паводле яго, у цэнтры Еўропы стварылі сваю краіну – мірную, стабільную і вельмі прыгожую. Беларусь – краіну для жыцця.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў