Лукашэнка збіраецца расставіць кропкі над «і» па Саюзнай дзяржаве да Новага году

Да канца году Аляксандр Лукашэнка плануе сустрэцца з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і з прэм’ер-міністрам краіны Дзмітрыем Мядзведзевым, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Перамовы з Мядзведзевым і Пуціным Аляксандр Лукашэнка анансаваў 10 снежня на сустрэчы з кіраўніком сваёй адміністрацыі Ігарам Сяргеенкам і старшынёй Савета Рэспублікі, папярэдніцай Сяргеенкі Наталляй Качанавай.

Чаму Пуцін і Лукашэнка не каментуюць сочынскія перамовы?

10 снежня Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў магчымую дату сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым.

«Мы цяпер размаўлялі з прэм’ер-міністрам Расеі. І дамовіліся, што, акрамя ўсяго іншага, дзесьці ў пераднавагоднія дні (не ведаю, як у нас атрымаецца тут, унутры краіны, у сувязі з маім графікам, і ў іх жа свой графік, таксама ўрачыстасці гэтыя) мы дзесьці сустрэнемся . І не толькі з Прэзідэнтам Расеі, але зможам зверыць гадзіннікі і з прэм’ер-міністрам. Ёсць пытанні, якія датычаць нашых урадаў. І я хацеў бы на пэўныя тэмы, каб гэтая размова з Дзмітрыем Анатольевічам [Мядзведзевым] адбылася», – заявіў кіраўнік Беларусі.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Мядзведзеў можа прыехаць у Менск.

«Думаю, мы знойдзем месца, дзе сустрэцца. Магчыма, яшчэ прыйдзецца пасля 20-га [снежня] сустрэцца і з прэзідэнтам Расеі, каб ужо канчаткова расставіць кропкі над «і» па найважнейшых пытаннях функцыянавання дзвюх дзяржаў і, галоўнае, нашых эканомік», – дадаў Лукашэнка.

7 снежня Пуцін і Лукашэнка не выйшлі да журналістаў пасля інтэграцыйных перамоваў у Сочы. З прэсай размаўлялі чыноўнікі і дыпламаты. Эксперты па-рознаму камэнтуюць гэтую цішыню. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі лічыць, што Масква дацісне Менск. Але ёсць і тыя, хто называе непадпісанне дарожных карт інтэграцыі «правалам» Расеі.

ЮВ/АА belsat.eu

Hавiны