Лукашэнка заявіў, што за ягонымі апанентамі стаяць «лялькаводы» з Польшчы і Расеі


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ва ўнутраныя справы Беларусі і перадвыбарчую гонку ідзе «ўмяшанне звонку». Пра гэта піша president.gov.by.

Лукашэнка адзначыў, што цяпер у інтэрнэце актыўна распаўсюджваюцца «жудасныя фэйкі», з дапамогай якіх хочуць дыскрэдытаваць ўладу. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы пракаментаваў інфармацыю пра тое, што Віктар Лукашэнка нібыта мае рахункі ў Швейцарыі. Адпаведныя звесткі апублікаваў нядаўна тэлеграм-канал NEXTA.

«Сёння мне далажылі (хоць гэта было даўно, ніхто не дакладваў), што ў аднаго з маіх сыноў у Швейцарыі $ 840 млн. Накіруйце туды па дыпламатычных каналах ліст: хто хоча забраць гэтыя грошы, хай неадкладна забярэ», – заявіў ён.

Лукашэнка назваў гэтую інфармацыю фэйкам. «Людзі ж не разумеюць, што гэта такое. Такія фэйкі будуць пастаянна. І нам трэба гэта мець на ўвазе, з гэтым жыць і змагацца. Дарэчы, гэта падкідваецца структурамі «бабічэўскімі», незыгарамі» з Расеі, – дадаў ён. – Гэта не наша, гэта з Расеі ідзе інфармацыя. Потым яны перапросяць, здымуць. Але людзям тое ў мазгі ўжо ўкінулі гэта».

Таксама Лукашэнка ўзгадаў флэшмоб, у якім сілавікі ананімна выказваліся супраць кіраўніка дзяржавы.

«Па вайскоўцам нават. Кажуць, пасведчанне Службы бяспекі. Хтосьці сыходзіў і пасведчанне з сабой забраў, цяпер друкуе, што ён супраць улады. Гэта неверагодна, каб, звальняючыся са Службы бяспекі, чалавек хоць на гадзіну пакінуў у сябе пасведчанне. Ён спачатку здае зброю, пасведчанне, потым атрымлівае абыходны ліст і іншае, – адзначыў ён. – Людзі, асабліва моладзь, якія там сядзяць (у тэлеграм-каналах – заўв.), гэтага ж не разумеюць. І яны глядзяць: нават у Службе бяспекі супраць прэзідэнта. Вось такія фэйкі, і мы з гэтым павінны жыць. Але мы павінны трымаць галаву на плячах і людзям растлумачваць, што адбываецца».

Лукашэнка заявіў, што апаненты ўлады паводзяць сябе несумленна.

«Яны што, нас штурхаюць на несумленнасць такую, як яны сябе паводзяць? Ясна, што там за імі лялькаводы стаяць. Яны і з аднаго, і з другога боку. І ў Польшчы жывуць, і з Расеі падкідваюць. Мы пра гэта з прэзідэнтам Пуціным пагаворым у бліжэйшы час пры сустрэчы, але гэтая сітуацыя вельмі складаная. Ужываюцца самыя сучасныя фальшывыя тэхналогіі, ідзе ўмяшанне з-за мяжы ў нашы выбары, унутраныя справы», – кажа ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў