Лукашэнка заявіў, што неўзабаве зменяць або ўвядуць новую Канстытуцыю


Падчас сустрэчы з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў замежных дзяржаваў Лукашэнка заявіў, што Беларусь з цікавасцю вывучае замежны досвед у сферы канстытуцыйнага права. Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што нашую краіну часта крытыкуюць за слабое развіццё дэмакратыі, паведамляе ягоная прэсавая служба.

«Павінен заявіць вам як былы дэпутат і які мае дачыненне да распрацавання Канстытуцыі яшчэ да маёй прэзідэнцкай працы: мы старанна вывучылі Канстытуцыі ўсіх краін. І я ў гэтым асабіста прымаў удзел. Новаўвядзенняў у нашай Канстытуцыі няма: мы ўзялі нешта прымальнае для нас з нашага мінулага, але зусім няшмат, усё астатняе мы запазычылі. Мы вучыліся не толькі ў сваіх суседзяў, але перш за ўсё ў іх, таму што яны блізкія нам па развіцці, з многімі мы былі ў адной дзяржаве. Алеш мат выкарысталі ў апірышчаў дэмакратыі, перш за ўсё Францыі і Злучаных Штатаў Амерыкі», – сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу, што, падчас распрацавання ў 1990-х гадах Канстытуцыі і іншых прававых актаў у Беларусі зыходзілі з існых рэаліяў. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адказаў на абвінавачванні ў аўтарытарызме.

«Я ніколі гэтага не адмаўляў: сапраўды, у нас прававая сістэма была выбудаваная менавіта такім чынам і накіравана на стварэнне і ўмацаванне вертыкалі ўлады, таму што пасля распаду Савецкага саюзу мы засталіся адны, плюс яшчэ з савецкімі рублямі. Потым нас кінулі з гэтымі рублямі, забралі ў нас тавары і не заплацілі», – сказаў кіраўнік краіны.

Лукашэнка таксама падкрэсліў, што ў бліжэйшы час у Беларусі будзе або новая Канстытуцыя, або будуць уносіцца змяненні ў існую. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў краіне думаюць пра новы этап у сувязі са зменамі, якія дыктуе само жыццё.

«Вельмі паскорыліся працэсы. Наша Канстытуцыя пачынае трошкі адставаць. Я папрасіў менавіта адмыслоўцаў Канстытуцыйнага Суда, каб яны ўнеслі свае прапановы па ўдасканаленні нашай Канстытуцыі. А потым мы сядзем і абмяркуем», – сказаў Лукашэнка.

СК belsat.eu

Стужка навінаў