Лукашэнка загадаў вайскоўцам «зрабіць усё магчымае, каб абараніць суверэнітэт»


Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 22 чэрвеня перад байцамі 38-й Берасцейскай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады, выказаўся наконт задачаў арміі ў цяперашняй палітычнай сітуацыі. Пра гэта піша БелТА.

Лукашэнка нагадаў дэсантнікам пра абноўленую нядаўна Ваенную дактрыну Беларусі, якая была прыведзена ў адпаведнасць з сучаснымі выклікамі.

«Яшчэ раз нагадаю: фронт на фронт ваяваць не будзем, няма такой вайны. Гэта лакальныя войны. І гібрыдныя войны. Гэта не толькі стральба (гэта потым). Пачынаецца з інфармацыйных войнаў, і мы гэта бачым сёння», – адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дэсантнікамі. Фота – president.gov.by

«У цяперашняй абстаноўцы задача арміі і сілаў спецыяльных аперацыяў у першую чаргу абарона Айчыны, падтрыманне стабільнасці і згоды ў грамадстве. Вось мой вам загад, – сказаў Лукашэнка. – Зрабіце ўсё магчымае, каб абараніць суверэнітэт і забяспечыць бяспеку нашай дзяржавы. Не павінны мы зноў, як я часта кажу, пайсці пад бізун і надзець лапці. Не павінны нас запрэгчы ў калёсы і сцябаць, каб мы, вылупіўшы вочы, як у народзе кажуць, скакалі як шалёныя і цягнулі чужы воз».

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дэсантнікамі. Фота – president.gov.by

Паводле Лукашэнкі, «калі вы чуеце размовы пра нейкую дэмакратыі, вы павінны разумець, што ў тым выглядзе, у якім мы разумеем гэтую дэмакратыю, яе блізка няма ні ў адной краіне». Ён, у прыватнасці, прывёў прыклады захадаў рэагавання, якія рабіліся ў Францыі ў адносінах да «жоўтых камізэлек», а таксама нядаўнія падзеі ў ЗША. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў Францыі для навядзення парадку прыцягваліся не толькі жандармерыя, але і вайскоўцы, а ў ЗША ў шэрагу гарадоў была ўведзеныя каменданцкую гадзіну і падраздзяленні ўзброеных сілаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў