Лукашэнка – вайскоўцам: «Вы ўвасабляеце магутнасць і сілу дзяржавы»


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 лютага накіраваў вайскоўцам віншаванне з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных сіл Беларусі.

Лукашэнка пажадаў ім прафесійных поспехаў і мірнай службы.

«Згодна з прынцыпам адданасці Радзіме, вернасці прысязе і гатовасці абараняць інтарэсы краіны і народа, вы ўвасабляеце моц і сілу нашай суверэннай дзяржавы», – гаворыцца ў віншаванні.

Лукашэнка таксама нагадаў, што сёлета адзначаецца 75-годдзе перамогі ў Вялікай Айчынай вайне.

«Мы шануем памяць афіцэраў і жаўнераў, якія аддалі жыццё ў імя будучыні свайго народу. Схіляем галаву перад тымі, хто загінуў у баі, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак. Захапляемся доблесцю і адвагай усіх, хто ўставаў на абарону міру са зброяй у руках і хто сёння ва ўмовах новых глабальных пагроз бярэ на сябе адказнасць за спакой і парадак на роднай зямлі».

Дзень абаронцаў Айчыны святкуецца 23 лютага ў Расеі, Беларусі і іншых краінах СНД. Гэтая дата была прынятая бальшавікамі ў 1922 годзе як гадавіна ўтварэння Чырвонай арміі. Лукашэнка казаў, што «менавіта тыя людзі і тая Чырвоная армія дапамаглі нам выжыць і адбыцца як нацыі».

Ва Украіне 23 лютага не святкуюць яшчэ з 2014 году, называючы «днём вайсковай славы агрэсара».

КА belsat.eu

Стужка навінаў