Рэформа ўлады, якую анансаваў Уладзімір Пуцін, дасць яму кіраваць краінай, пакуль дазволіць біялогія.
«Прэзідэнт пастанавіў, згодна з вядомай прымаўкай, што лепш не катаваць ката, а адсекчы хвост адразу», – заўважае намеснік дырэктара маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Уладзімір Жарыхін.
Замест аднаго адсечанага хваста вырастуць чатыры галавы: паўнамоцтвы прэзідэнта неўзабаве размяркуюцца паміж урадам, парламентам і новым канстытуцыйным органам улады, Дзяржсаветам, – відаць, апошнім прытулкам Пуціна, адкуль ён будзе кіраваць краінаю пасля 2024 г.
Галоўная мэта нечаканых зменаў – перастрахавацца ад магчымай смуты ды падрыхтаваць Расею да жыцця без Пуціна, калі таго не стане. А таксама змяніць імідж у вачах Захаду, для якога чатыры галавы расейскага арла паступова могуць стаць сінонімам дэмакратыі.
«Расейская Федэрацыя зацікаўленая захаваць за сабою статус супердзяржавы, што дазволіць ёй рана ці позна выйсці з-пад санкцыяў і зрабіць скачок у тэхналагічным плане. З другога боку падстрахавацца і адаптавацца да зменаў у глабальнай палітыцы і эканоміцы», – кажа Ігар Тышкевіч з Украінскага інстытуту будучыні.
Адна з найважнейшых рысаў пуцінскага плану – узмацненне кантролю ўздоўж межаў. У выпадку з нашай краінай рабіць гэта будуць перадусім праз уваход у ключавыя галіны беларускай эканомікі, але таксама праз культурніцкі ўплыў і выхаванне беларускай нацыі на свой лад не толькі праз тэлевізійныя, але і іншыя каналы: дастаткова паглядзець, колькі філіялаў расейскіх універсітэтаў ужо цяпер працуе ў Беларусі. Гэта дазволіць Маскве абмежаваць манеўранасць Менску і трымаць яго на палітычнай прывязі.
«Сутнасць – прывязаць Беларусь, каб яна не сышла, як Украіна. Гэта дальнабойная стратэгія: і пры Пуціне, і пасля Пуціна яны будуць старацца калі не анексаваць або інкарпараваць Беларусь нейкім чынам, то моцна прывязаць і пераўтварыць у марыянеткавую дзяржаву», – заяўляе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.
Марыянеткавасць будзе азначаць беднасць. Недарма на змену сябрам Пуціна ў расейскую ўладу прыйшлі людзі з калькулятарамі тыпу Міхаіла Бабіча, прагматызм якога так моцна раздражняў Лукашэнку. Такіх бабічаў ва ўрадзе Мішусціна цяпер палова.
«Пуцін паабяцаў электарату розныя пернікі і дадатковыя бонусы, якія будуць вымагаць пошуку грошай. Думаю, будуць старацца заашчадзіць на ўтрыманні беларускага хаўрусніка», – працягвае Аляксандр Класкоўскі.
Спробы Беларусі наладзіць дабрабыт будуць заканчвацца запрашэннем увайсці ў склад Расейскай Федэрацыі. Адзін з яскравых момантаў пуцінскай рэформы – закрыць дарогу ўва ўладу тым, хто калі-небудзь меў замежнае грамадзянства або проста дазвол на жыхарства. І ў той жа час – магчымасць узначаліць Расею для людзей з «далучаных да Расеі дзяржаваў».
«Далучанай да Расеі дзяржавай на сённяшні гістарычны момант можа быць толькі Беларусь. Таму я б на месцы беларусаў у пэўным сэнсе не расслабляўся і не меў бы аптымізму», – кажа заснавальнік Форуму свабоднай Расеі Іван Цютрын.
Беларусь не вызначыцца з адказам Пуціну, пакуль застаецца ў закладніках чалавека, заклапочанага перадусім захаваннем сваёй улады.
«Наўрад ці Лукашэнка – як елбасы ў Казахстане ці Пуцін у Расеі – сыдзе на іншую пасаду і будзе беларускім Дэн Сяў Пінам ці Лі Куан Ю. Ён хоча кіраваць нават пераборкай бульбы. Ён не Пуцін, які на чатыры гады саступіў уладу Мядзведзеву. Лукашэнка і на чатыры секунды нікому яе не аддасць», – дадае Класкоўскі.
Аднак Лукашэнка пачынае паволі разумець, што пасля таго як Расея выцягнула з шуфляды дамову аб Саюзнай дзяржаве, яму давядзецца абнавіць эліту і запрасіць туды новых людзей.
Цяпер гэта найбольш яскрава бачна ў рознай публічнай рыторыцы: са старшынямі калгасаў з аднаго боку ды бізнесоўцамі і айцішнікамі – з другога.
Эксперты прадракаюць, што хутчэй за ўсё ў Беларусі могуць крыху аслабіць гайкі, каб стымуляваць прыход у палітыку і чынавенства новых людзей. Але ўсё гэта будзе касметычным рамонтам.
«Адзіны шанец у Беларусі – самой трансфармавацца, станавіцца больш моцнай інфраструктурна і рэсурсава, каб мець магчымасць у тым ліку праводзіць уласную палітыку, якая рана ці позна зможа прывесці або да перафарматавання дамоўленасці пра Саюзную дзяржаву і да выхаду з інтэграцыйных аб’яднанняў з Расейскай Федэрацыяй, калі гэта будзе мэтазгодна з пункту гледжання беларускіх інтарэсаў», – падсумоўвае Ігар Тышкевіч.
І калі Пуцін, маючы ў запасе некалькі гадоў, усё роўна спяшаецца са сваёй трансфармацыяй, то ў Беларусі часу не засталося.
Фота на прэв’ю: Mikhail Metzel/TASS/Forum
Дзяніс Дзюба belsat.eu
Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 24.01.2020
Іншыя тэмы выдання: