Лукашэнка ў Горадні: «Жыць можна. Трэба, каб хутчэй выйшлі ўсе з гэтай пандэміі»


Падчас візіту ў Горадню 16 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што звязвае магчымасці эканамічнага развіцця краіны з выхадам свету з пандэміі каронавірусу, паведамляе БелТА.

«Жыць можна. Трэба толькі, каб хутчэй выйшлі ўсе з гэтай пандэміі. Таму што эканоміка экспартна арыентаваная. Чым хутчэй адкрыецца свет пасля гэтай хваробы, тым лепш будзе для Беларусі», – сказаў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што для сельскай гаспадаркі складваюцца добрыя ўмовы праз надвор’е.

«Я ўжо думаю, што, можа быць, з-за пандэміі, што менш лётаць пачалі. Я памятаю толькі з дзяцінства такое надворʼе, калі навальніцы, добрыя дажджы ў гэты час. Гэта для сельскай гаспадаркі, перапрацоўчай прамысловасці сыравіна – малако, мяса будзе. Гэта, канешне, вялікая ўдача», – дадаў Лукашэнка.

Выказаўся кіраўнік дзяржавы і пра нафту.

Звяртаючыся да прысутнага старшыні канцэрна «Белнафтахім» Андрэя Рыбакова, ён сказаў:

«Калі ён не падвядзе нас яшчэ з вуглевадародамі… Дзякуй богу, і нафты хапае ў свеце – бяры, не хачу. І кошты прымальныя. І прыроднага газу хапае ўжо, ідзе бойка за прэміяльны еўрапейскі і наш рынак паміж асноўнымі гульцамі, якія пастаўляюць прыродны газ. і альтэрнатыва ёсць, можна яе знайсці».

Акрамя таго, ён распавёў, што нядаўна гаварыў па тэлефоне з кітайскім калегам Сі Цзіньпінам – той нібыта «падтрымлівае, як мы вядзем барацьбу з каронавірусам».

Лукашэнка адзначыў, што ў свеце ёсць цікавасць да беларускага досведу.

«Ці то Сусветны банк… Спачатку мы дамаўляліся, каб яны нам аказалі падтрымку дзесьці $ 90 млн, зараз паглядзелі: цікавы досвед Беларусі, дайце нам досвед, мы гатовыя вас прафінансаваць аж пад $ 300 млн. Гэта ж здабытак усяго свету. Няхай глядзяць, як мы працуем», – сказаў Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, склалася такая сітуацыя, што «расслабляцца нельга».

КА belsat.eu

Стужка навінаў