Лукашэнка ў Берасці: Трэба – знясём дашчэнту гэты ваш «акумулятар», калі толькі ў ім праблема


Аляксандр Лукашэнка заклікаў не слухаць «шарлатанаў» і вырашаць усе праблемы мірным шляхам. Пра гэта ён заявіў у Берасці падчас на імпрэзаў з нагоды гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка падкрэсліў, што незалежнасць вельмі дорага каштуе і яе неабходна абараняць.

«Катастрофы ніякай, але абараніць мы павінны тое, што маем. Расслабляцца ні ў якім разе нельга. Я вас папярэджваў два-тры месяцы таму, што гэтая так званая пандэмія гэтым не скончыцца. Камусьці яна вельмі на руку. Хутка ўбачыце, каму. Хоць ужо і цяпер гэта бачым. Будзе ціск сур’ёзны, перш за ўсё эканамічны. Таму што ваяваць з намі ўжо небяспечна, а нахіліць трэба. Занадта незалежнымі сталі», – сказаў ён.

Лукашэнка заклікаў людзей трымаць галаву на плячах і не ўступаць ні з кім у бойку. «Мы павінны вырашыць усё мірна. І праз некаторы час мы ўбачым вынік. Адзінае, пра што вас папрашу: ніколі (буду я, не буду) не дазваляйце вамі панукваць, каб вас прымушалі і нахілялі. Прайшлі тыя часы. Мы паспелі ўмацавацца і стварыць сваю дзяржаву. Галоўная задача – абараніць яе», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Я заўсёды вам казаў: я нікому не дазволю сілавым чынам вырашаць праблемы, якія трэба вырашаць мірна, палітычным шляхам, на падставе нашых законаў. Так будзе заўсёды», – падкрэсліў ён.

Лукашэнка заклікаў не звяртаць увагі на тое, што «нам там падпяваюць»: «Штосьці не тое робім… А калі накраў, дык нічога страшнага…»

«Калі б мы гэтым зладзюгам за гады сваёй незалежнасці крылы не падрэзалі, мы б сёння пабудавалі алігархічную дзяржаву і стаялі б на каленях, – падкрэсліў ён. – Таму глядзіце на гэта спакойна і не думайце, што гэта хтосьці выкарыстоўвае ў палітычных мэтах. Няма такой неабходнасці ў Беларусі – выкарыстоўваць нешта ў палітычных мэтах».

Лукашэнка таксама заклікаў берагчы краіну і мір.

«Не паддавайцеся на хітрыкі трох-чатырох нейкіх шарлатанаў. Яны будуць выкарыстоўваць усё. І акумулятары, і заводы, і іншае. Трэба – знясём дашчэнту гэты ваш «акумулятар», калі толькі ў ім праблема. Але не ў ім, я ж гэта разумею. Шукаюць, за што зачапіць, і вас туды павесці. Памятаеце, што гэтага рабіць нельга», – падкрэсліў ён.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў