Лукашэнка ў Аўстрыі падманваў. Халодны душ пасля цёплага прыёму


Адныя называюць візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю прарывам, іншыя не бачаць у гэтым нічога істотнага. Фактычна за рукапацісканнямі еўрапейскіх палітыкаў у Вене кіраўніка Беларусі чакаў халодны душ ад мясцовае прэсы ды стрыманая рэакцыя аўстрыйскага бізнесу. А самым важным вынікам паездкі можна лічыць афіцыйную пазіцыю Бруселю, са згоды якога і быў магчымы візіт Лукашэнкі ў Аўстрыю. Ігар Кулей правёў два дні на месцы падзеяў.

Аляксандр Лукашэнка ўехаў у Еўразвяз на белым кані. Мелі рацыю тыя, хто гэта прадказваў. Перачакаўшы дзесяцігоддзе санкцыяў ды зачыненых дзвярэй у еўрапейскіх сталіцах, кіраўнік Беларусі з нязначнымі карэкціроўкамі ўнутранай палітыкі атрымаў аркестр, ганаровую варту, чырвоны дыван і цёплы прыём з боку аўстрыйскіх уладаў. Стратэгія Лукашэнкі аказалася пераможная.

Здавалася, нават непрыемныя пытанні заходніх журналістаў пра смяротнае пакаранне і правы чалавека не маглі сапсаваць аўстрыйскага трыумфу Аляксандра Лукашэнкі. У пампезным імператарскім палацы Гофбург, у самым цэнтры Вены, кіраўнік Беларусі адчуваў сябе ўпэўнена, як быццам гэта ён, а не аўстрыйская прэса, тут гаспадарыць.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Вы ні разу не былі ў Беларусі? Не былі? Я гэта адчуваю. Перад тым, як даваць ацэнкі, прыязджайце ў Беларусь. Мы адкрытая краіна. Больш за вас…».

Дыялогу з журналістамі не было. Замест яго – 4 кароткія пытанні ад дзяржаўных медыяў. І, раз ніхто не мог паправіць госця, Лукашэнка адказваў на іхны старой, як ягонае кіраванне, мешанінай з недакладнасцяў і хлусні:

«Што да правоў чалавека, то я не разумею, што вы мелі на ўвазе? У нас ёсць права на жыццё, гэта галоўнае. Права на працу. У нас бясплатная ахова здароўя для ўсіх грамадзянаў. Ёсць права на адукацыю, бясплатную адукацыю. У вас яно так развітае? Далёка не так!»

Тут памочнікі Лукашэнкі не дапрацавалі, інакш кіраўнік Беларусі ведаў бы, што ў Аўстрыі і базавая медыцына, і адукацыя бясплатныя.

Аляксандр Лукашэнка заявіў у Аўстрыі:

«Вы калі-небудзь чулі, каб у Беларусі закрывалі інтэрнэт ці забаранялі інтэрнэт? Гэтыя папрокі ўжо канулі ў лету. Што да мяне, аўтарытарнага лідара, прачытайце, што апошнім часам піша пра мяне прэса – прадстаўнік дэмакратычнай краіны і дэмакратычнае прэсы».

Праўда, той жа беларускай дэмакратычнай прэсе слова ў Вене не далі.

Аўстрыйскія журналісты слухалі Аляксандра Лукашэнку ўважліва, але на чары не паддаліся. У выніку перад усімі згадкамі пра візіт кіраўніка Беларусі ў Аўстрыю аўдыторыі нагадвалі, што лідар ён аўтарытарны, а большую частку інфармацыйных матэрыялаў аўтары прысвячалі не ўзаемным эканамічным дасягненням, а кепскай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Каментуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў:

«Ён ужо, напэўна, адвык ад візітаў у заходнія краіны і не зусім разумее, што выступае не перад калгаснікамі наконт абасраных кароваў, а выступае перад заходняю прэсай і палітыкамі. Але манера тая ж самая. Даволі неардынарныя выказванні для заходняй прэсы».

Пад вечар другога дня ў Аўстрыі Лукашэнка ўжо не хаваў свайго раздражнення адносінамі з боку журналістаў:

«Журналісты, карыстаючыся дарэвалюцыйнымі штампамі, пачалі нам намякаць: маўляў, калі вы таго або іншага не зробіце, мы вас у Раду Еўропы не прымем, але ж мы не просімся!»

З бізнес-коламі Аляксандр Лукашэнка таксама быў не зусім дакладны:

«Вынікам супольных высілкаў стаўся рост таваразвароту. За апошнія 2 гады +20 %, а зварот паслугаў вырас удвая. Пазітыўная дынаміка назіраецца і сёлета».

Людзі ў зале ведаюць, што таваразварот за мінулыя 5 гадоў зменшыўся, а апошнія 2 гады стаіць на месцы. Пазітыўная дынаміка ёсць у гандлі паслугамі, а вось інвестыцыі, у тым ліку наўпроставыя, таксама падаюць. Але дыялог і тут не быў прадугледжаны, а таму Аляксандр Рыгоравіч працягваў травіць байкі з жыцця:

«Ноў, ноў, ноў, толькі не паводле амерыканскіх законаў. А я ім кажу: добра, тады давайце паводле беларускіх».

У цэлым візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю больш нагадваў прыезд вясельнага генерала на свята. Шмат шуму, мала выніку.

Працягвае Віталь Цыганкоў:

«У Аўстрыі цяпер няма ўраду. Партыя Курца, які перамог выбары, дасюль вядзе перамовы аб стварэнні кааліцыі. Ураду фактычна няма. І гэта адбілася на ўсім візіце».

Усе ж істотныя аўстрыйска-беларускія дамоўленасці, без асаблівай помпы, маглі быць падпісаныя прадстаўнікамі фінансавага боку ўраду, якія, дарэчы, засталіся працаваць у Вене і пасля адлёту Аляксандра Лукашэнкі.

Гаворыць міністр фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч:

«Будуць сустрэчы з банкамі: з Банкам развіцця Аўстрыі, з кантрольным банкам. Ужо былі перамовы з банкам «Raiffeisen». Заўтра сустрэнемся з найбуйнейшаю ва Усходняй Еўропе страхавою кампаніяй – «Vienna Insurance Group».

Дзмітрый Крутой, міністр эканомікі Беларусі, заявіў «Белсату»:

«Самая галоўная для мяне сустрэча заўтра – гэта Міністэрства фінансаў Аўстрыі. Аўстрыйскі ўрад шмат гадоў падтрымлівае развіццё нашага Нацыянальнага агенцтва інвестыцыяў і прыватызацыі. Вылучае грантавыя рэсурсы і вялікую экспертавую дапамогу. Па-сутнасці, заўтра мы будзем рабіць справаздачу, якіх поспехаў мы дасягнулі, і вызначаць планы на наступны этап».

Акно ў Еўропу адчыненае. На чарзе ў раскладзе еўрапейскіх падарожжаў Аляксандра Лукашэнкі – Латвія. Тут кіраўнік Беларусі зможа адчуць сябе значна лепш, чым у Аўстрыі. Мясцовая прэса наўрад ці будзе гэтаксама востра атакаваць госця. А сам Лукашэнка ўжо будзе выступаць не ў ролі асобы, якая прыязджае нешта прасіць, а ў якасці дабрачынцы, ад якога залежыць падпісанне вельмі выгадных для афіцыйнае Рыгі кантрактаў.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 15.11.2019

Іншыя тэмы праграмы:

  • Крэмль навязвае беларусам сваю версію гісторыі
  • Крэмль хоча аслабіць Беларусь, каб увесці свае войскі. Ці абароніцца Лукашэнка ад таго, што сам падпісаў?
  • Інтэрв’ю з Гары Каспаравым пра «мафіёзныя гульні» Лукашэнкі і Пуціна
  • Ці змогуць афіцыйныя Менск і Вільня дамовіцца пра БелАЭС, каб Беларусь падпісала дамову з Еўразвязам?

 

Стужка навінаў