Лукашэнка стварыў інстытут, які будзе займацца выклікамі ў інфармацыйнай сферы


Аляксандр Лукашэнка 12 лютага падпісаў Указ № 49 аб стварэнні Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў ствараецца «ў мэтах інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння дзейнасці дзяржаўных органаў па стратэгічных напрамках вонкавай і ўнутранай палітыкі».

Цэнтр будзе вывучаць тэндэнцыі развіцця міжнародных, грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных працэсаў, даследаванне рызыкаў і выклікаў у інфармацыйнай сферы.

«Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў зоймецца выпрацоўкай рэкамендацыяў, накіраваных на ўдасканаленне дзяржаўнай палітыкі ў розных сферах, прыме ўдзел ва ўзгадненні распрацоўваных дзяржаўнымі органамі дакументаў стратэгічнага планавання (дактрыны, стратэгіі, канцэпцыі)», – адзначаюць у прэс-службе Лукашэнкі.

Дырэктарам цэнтра прызначаны Алег Макараў. Раней ён працаваў начальнікам інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі.

Пра неабходнасць стварыць аналітычную структуру, якая б займалася выклікамі ў інфармацыйнай сферы, Лукашэнка заявіў на нарадзе 31 студзеня. «Эфектыўнасць у нас пакуль слабая, асабліва ў проціборстве з рознага роду каналамі, старонкамі і сайтамі ў інтэрнэце. Вы бачыце, што сёння адбываецца. Мы слаба процідзейнічаем. Але спецыялістаў, прафесіяналаў у нас хоць адбаўляй. Проста не было адпаведнай арганізацыі», – заявіў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што такая структура павінна ацэньваць рэйтынгі СМІ. «Але яе трэба зрабіць такой, каб ёй давяралі людзі і, перш за ўсё, СМІ, якія будуць падлягаць гэтай ацэнцы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў