Лукашэнка растаптаў сімвалы Беларусі, але за што змагаўся, на тое і напароўся

Гэта быў момант трыумфу рамантыкаў нацыянальнага адраджэння. 28 гадоў таму, 19 верасня 1991 года, Вярхоўны Савет Беларусі зацвердзіў у якасці дзяржаўных сімвалаў бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Але трыумф апынуўся нядоўгім.

На рэферэндуме 1995 года малады тады прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка праціснуў пытанне аб змене сімволікі – а па сутнасці вярнулася злёгку пераліцаваная савецкая. Гэта было абсалютна ў духу лідара, які прыйшоў да ўлады пад абяцанні вярнуць змучанаму постсавецкім вэрхалам электарату «светлае мінулае».

Міф пра адмарожаных нацыяналістах на патрэбу Маскве

Наогул на той плебісцыт быў вынесены красамоўны пакет пытанняў. У выніку расейскай мове надалі статус дзяржаўнай, прэзідэнт атрымаў карт-бланш на эканамічную (потым гэтае слова з яго прамоваў неяк выпала) інтэграцыю з Расеяй і магчымасць датэрмінова спыніць паўнамоцтвы свавольнага Вярхоўнага Савета (які праз год быў разагнаны).

Рэферэндумам-1995 круты афіцыйны лідар забіваў некалькіх зайцоў: наносіў удар па нацыянальна арыентаванай апазіцыі (перш за ўсё па Беларускаму народнаму фронту), рыхтаваў глебу пад абсалютную канцэнтрацыю ўлады ў сваіх руках, рабіў рэверанс перад Масквой і адкрываў сабе магчымасць гуляць на расейскім палітычным полі.

Ён маляваў сябе ў вачах Крамля гэткім утаймавальнікам крыважэрных нацыяналістаў, якія-дэ ўжо пасадзілі было мясцовых рускіх на чамаданы.

Хоць на самай справе нацыяналісты ў Беларусі ніколі не былі ва ўладзе, у Вярхоўным Савеце XII склікання былі прадстаўленыя толькі невялікай групай на чале з харызматычным Зянонам Пазняком. Рашэнне ж аб «Пагоні» і бел-чырвона-белы сцягу (БЧБ – бел-чырвона-белы – на слэнгу патрыётаў) апазіцыя БНФ па-майстэрску правяла праз парламент, карыстаючыся ступарам кансерватыўнай большасці, напалоханай разгромам путчу 1991 года.

Кадры з хронікі: пад кіраўніцтвам Івана Ціцянкова, кіраўніка справамі прэзідэнта, з даху прэзідэнцкай рэзідэнцыі здымаюць бел-чырвона-белы сцяг і раздзіраюць яго «на сувеніры». Дзяржаўны БЧБ-сцяг разарвалі на часткі і паставілі аўтографы з датай і часам: 16:00 16 траўня 1995 года.

«Пагоня» як нагода патрапіць пад раздачу

З рэферэндуму 1995 года Лукашэнка пачаў метадычную зачыстку ўнутрыпалітычнага поля. За БЧБ на вуліцы, «Пагоню» на значку або майцы – «незарэгістраваную сімволіку» – міліцыя вінціла і цягнула ў каталажку. Дзяржпрапаганда ўпірала на тое, што БЧБ выкарыстоўвалі паліцаі ў гады акупацыі, ані не бянтэжачыся тым, што і цяперашні расейскі сцяг выкарыстоўвалі ўласаўцы.

Аляксандр Лукашэнка прымаў сваю першую прысягу ў якасці кіраўніка дзяржавы пад бел-чырвона-белым сцягам.

Рэпрэсіі за «Пагоню» (у прыватнасці, супраць футбольных заўзятараў) выглядалі і зусім недарэчнымі, таму што гэты старажытны сімвал Вялікага княства Літоўскага (у якім на бачных ролях былі продкі цяперашніх беларусаў) афіцыйна прысутнічае ў гербах некаторых беларускіх гарадоў і рэгіёнаў.

За 25 гадоў кіравання рэжым нязменнага прэзідэнта метадычна перамалоў апазіцыю, абвешчаную пятай калонай, запалохаў насельніцтва, адбіў у яго ахвоту суваць нос у палітыку. Краіна стала яшчэ больш русіфікаванай.

Hавiны
За Сталіна і расейскую мову. Кандыдаты ад «русского мира»: хто яны?
2019.09.18 15:43

Масква не ацаніла стараннасці

Але Крэмль не ацаніў старанняў саюзніка. Ён вырашыў перагледзець негалосны кантракт з Лукашэнкам і стаў патрабаваць большай вернасці за меншыя грошы.

У снежні мінулага года громам з яснага неба прагучаў «ультыматум Мядзведзева». Расейскі прэм’ер сфармуляваў жорсткую альтэрнатыву, якая ў вольным пераказванні такая: або «паглыбленая інтэграцыя» (чытай: мяккае паглынанне), або смакчыце лапу. А што бывае, калі сусед не слухаецца «паўстаўшую з каленяў» краіну з імперскімі традыцыямі, паказалі анэксія Крыму і крывавая буча на Данбасе.

Беларускія ўлады спахваціліся, распачалі працэс, названы мяккай беларусізацыяй. Нейкія білборды на мове тытульнай нацыі, найвышэйшы дазвол святкаваць важныя для нацыянальна арыентаванай публікі даты накшталт стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі 1918 года. Але і ў той дзень пры выхадзе за перыметр агароджаў міліцыя хапала людзей з нацыянальнай сімволікай. Карацей, гэткае свята ў рэзервацыі.

Меркаванні
Бел-чырвона-шэры Дзень Волі
2019.03.28 10:41

Фішка ў тым, што ўладная вярхушка баіцца не столькі вокрыку з Крамля (што гэта вы там распускаеце «дамарослых бандэраўцаў»?), колькі росту нацыянальнай самасвядомасці як такавога. Таму што гэта ўжо будзе не насельніцтва, а грамадзяне. Якім не даспадобы не толькі імперскія замашкі ўсходняй суседкі, але і недэмакратычны, не змяняльны, які стаў тормазам развіцця рэжым ва ўласнай краіне.

«Пятая калона» як у ваду глядзела

Між тым беларускія ўлады хоць і запэўніваюць, што праграма паглыблення інтэграцыі не нясе пагрозаў суверэнітэту, аднак упарта адмаўляюцца апублікаваць яе праект, які ўжо парафіравалі прэм’еры.

Магчыма, Лукашэнка спадзяваўся, што пасля гэтага Масква разблакуе пытанні газу, нафты, крэдытаў. Але не тут-та было. У Крамлі напэўна ўлічылі ўрокі пачатку 2000-х, калі Менск тарпедаваў пераход на адзіную валюту, Канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы і іншае. Цяпер Масква, мяркуючы па ўсім, мае намер акуратна даціскаць, спыняць спробы сабатажу дамоўленасцяў.

Меркаванні
Вайсковы саюз з Расеяй стаў для Беларусі пагрозай
2019.09.13 14:40

Калі пасля рэферэндуму-1995 падручныя Лукашэнкі дэманстратыўна рвалі на кавалкі БЧБ на даху прэзідэнцкай адміністрацыі, калі ў прамым і пераносным сэнсе хрусцелі косці палітычных праціўнікаў рэжыму, яго стваральнік, мабыць, адчуваў сябе на кані.

Але апынулася, што зрынутыя апаненты на дзвесце працэнтаў мелі рацыю. Цяпер імперыя ўзяла за горла так, што ні ўздыхнуць, ні войкнуць.

Магчыма, у глыбіні душы Лукашэнка ўжо і шкадуе, што памяняў тады сімвалы. Але ў гэтым ён, напэўна, не прызнаецца нават самому сабе. Так што БЧБ і «Пагоня» вернуцца потым, пасля яго. Дай бог толькі, каб Беларусь выстаяла.

Чытайте іншыя тэксты аўтара:

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў