Лукашэнка распавёў, у якім выпадку распусціць урад


19 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, калі Урад не дасягне запланаваных эканамічных паказнікаў на сёлета, усе адказныя – разам з прэм’ерам – страцяць пасады.

19 верасня падчас нарады з чальцамі Ураду ў справе прагнозных дакументаў на 2020 год кіраўнік краіны паабяцаў адправіць «на пакой» усіх адказных – разам з прэм’ер-міністрам, – калі не будуць выкананыя параметры развіцця на 2019 год.

«Я вас папярэджваў летась у гэты час, калі рабілі планы на 2019 год. Таму нічога тут дзіўнага няма», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле кіраўніка дзяржавы, людзі павінныя адчуць вынікі працы эканомікі на сабе – праз пастаяннае падвышэнне свайго дабрабыту і ўзроўню якасці жыцця. Паводле Лукашэнкі, яго не можа быць без эканамічнага росту.

«Аднак мяне насцярожвае, што гэты эканамічны рост не толькі сціплы, але і вельмі няўстойлівы, калі казаць мякка. Гэтую тэндэнцыю трэба мяняць. Хто хоча і можа, заставайцеся і змяняйце», – заявіў Лукашэнка.

Летась прэзідэнт падпісаў указ «Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2019 год». Дакумент вызначае ключавыя паказнікі эфектыўнасці працы ўраду ды параметры развіцця. Між іншага, указ вызначае, што валавы ўнутраны прадукт сёлета павінен скласці 104,0 % (у адсотках да мінулага года), а інфляцыя не павінная перавысіць 5 %.

Паводле апошніх звестак, ВУП Беларусі ў студзені–жніўні склаў Br 83,9 млрд, або 101,1 % да ўзроўню аналагічнага перыяду летась.

Інфляцыя пакуль укладаецца ў прагнозныя межы – за восем месяцаў 2019 года яна склала 2,9 %.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў