Лукашэнка распавёў пра супрацу беларускіх спецслужбаў з ЦРУ


Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даўно знаёмы з Майклам Пампэа завочна. Ён патлумачыў, што завочнае знаёмства было звязана з супрацаю беларускіх і амерыканскіх спецслужбаў. Пра гэта паведамляе БелТА.

Лукашэнка заўважыў, што напярэдадні візіту дзяржсакратара ЗША пра беларуска-амерыканскія стасункі шмат пісалі.

«Ворагі і злоснікі жартавалі, здзекаваліся, юродствавалі. Шмат пісалі пра вас, пра мяне. Тэма была вельмі вострай. Думаю, і на Захадзе таксама», – сказаў ён.

Паводле Лукашэнкі, усё зводзілася да таго, што такая сустрэча праходзіць упершыню, і кіраўніцтва Беларусі не знаёмае з цяперашнім дзяржсакратаром ЗША.

«Мушу іх расчараваць, ды і вам нагадаць: мы з вамі вельмі даўно знаёмыя. На жаль, завочна. У бытнасць вашай працы ў ранейшай пасады (Пампэа ўзначальваў ЦРУ – заўв. belsat.eu), я гэта абсалютна не хаваю, мы разам з амерыканцамі праводзілі шэраг мерапрыемстваў па лініі нашых спецслужбаў», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка на сустрэчы з Пампэёў.
Фота: KEVIN LAMARQUE / Reuters / Forum

Ён патлумачыў, што гэтыя мерапрыемствы тычыліся барацьбы з тэрарызмам і гандлем людзьмі. «Мы правялі некалькі вельмі сур’ёзных аперацыяў па супрацьдзеянні распаўсюджванню ядравых элементаў. І на мяжы з Беларуссю я памятаю некалькі выпадкаў – мы разам затрымалі злачынцаў, якія перамяшчалі праз мяжу ядравыя матэрыялы ў бок Захаду», – распавёў Лукашэнка.

«Так што ў нас ёсць хоць невялікая, але сумесная гісторыя працы ў імя міру на планеце і ў імя барацьбы супраць распаўсюджвання ядравай зброі, чаму вы сёння на пасадзе дзяржсакратара і ваш кіраўнік Доналд Трамп надаеце вялікую ўвагу. Як бачыце, ёсць у нас штосьці агульнае, вельмі важнае для людзей», – рэзюмаваў ён.

Hавiны
Майк Пампэа: у бліжэйшы час мы прызначым амбасадара ў Беларусь
2020.02.01 10:38

Лукашэнка заявіў, што рады сустрэчы з Пампэа прынамсі з дзвюх прычынаў.

«Па-першае, вы адзін з архітэктараў сучаснай палітыкі ЗША. Так у нас прынята лічыць. Па-другое, вельмі добра, што вы пасля рознага кшталту непаразуменняў у стасунках паміж Беларуссю і ЗША, абсалютна беспадстаўных непаразуменняў мінулых уладаў, рызыкнулі прыехаць у Менск і паглядзець на гэтую краіну: што тут за народ, што за людзі, што за дыктатура, якая тут дэмакратыя, шмат яе – мала і гэтак далей», – сказаў ён

«Вядома, на працягу аднаго дня вы не вывучыце ўсе пытанні. Але ў першым набліжэнні вы пазнаёміцеся з Беларуссю», – заявіў Лукашэнка.

Самалёт Майка Пампэа прызямліўся ў Нацыянальным аэрапорце Менску сёння раніцай. Адразу з аэрапорту Пампэа накіраваўся ў Палац Незалежнасці на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. На ўваходзе ў палац яго сустракаў міністр замежных справаў Уладзімір Макей.

Нагадаем, перад тым, як прыляцець у Менск, 31 студзеня Пампэа пабываў у Кіеве.

Hавiны
Вяртанне амбасадараў, падтрымка незалежнасці. Чаго чакаць ад візіту Пампэа ў Беларусь?
2020.02.01 08:06

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў