Лукашэнка прызначыў новага галоўнага ідэолага, яму 40 гадоў


Намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, які ў Беларусі курыруе дзяржаўную ідэалогію і СМІ, 19 жніўня быў прызначаны Андрэй Кунцэвіч. Да гэтага ён працаваў у Магілёўскім аблвыканкаме.

Паводле адукацыі Кунцэвіч журналіст, у 2002 годзе скончыў журфак БДУ, працаваў у раёнцы «Зара над Друццю» у Бялынічах. Потым адвучыўся ў Акадэміі кіравання і заняў пасаду ў Шклоўскім райвыканкаме. З 2011 па 2013 быў начальнікам упраўлення ідэалагічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму. Пасля тры гады Кунцэвіч правёў на пасадзе намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкаму.



У 2017 годзе ён вярнуўся ў абласную адміністрацыю ўжо ў якасці намесніка старшыні. Прызначэнне ў Адміністрацыю прэзідэнта – значнае падвышэнне для 40-гадовага чыноўніка.

«Трэба не хавацца ад вострых пытанняў, якія хвалююць нашых людзей, а сумесна шукаць шляхі іх вырашэння, выкарыстоўваючы любыя актуальныя каналы для зваротнай сувязі. Гэта, мабыць, ёсць галоўная задача ідэалагічнай вертыкалі ўлады на сёння», – цытуе Кунцэвіча БелТА.

Паводле словаў чыноўніка, «ідэалагічная праца была актуальнай заўсёды» і запатрабаваная «не толькі ўладай, але і людзьмі».

Прызначаючы, Кунцэвіча, Лукашэнка патлумачыў, на чым таму варта акцэнтаваць увагу.

«Павінен сказаць, што з карабля на баль. Часу на раскачку няма. Таму што перадвыбарная кампанія – гэта і вялікая ідэалагічная праца. А вам прыйдзецца займацца перш за ўсё комплексам ідэалагічнай працы, пачынаючы ад журналістыкі і заканчваючы, прама скажу, лекцыямі ў ВНУ.



Гэта самае слабое месца нашых дзяржаўных служачых – сустракацца з моладдзю, распавядаць ім пра тую палітыку, якая праводзіцца ў дзяржаве. Таму што наша моладзь, у інтэрнэце якая сядзіць, не заўсёды прачытае аб гэтай палітыцы. А калі і прачытае, то часцяком усё навыварат перавернутае», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Інтэрнэт – гэта таксама будзе сфера ў нейкай ступені вашай адказнасці. І не з пункту гледжання ўсё зачыніць і забараніць. А выкласці пазіцыю ўлады, пазіцыю прэзідэнта», – дадаў Лукашэнка.

КА belsat.eu

Стужка навінаў