Лукашэнка пра апазіцыю: яны забываюць, што такое імідж Беларусі


Аляксандр Лукашэнка адказаў на крытыку на адрас уладаў наконт празмерных выдаткаў на правядзенне II Еўрапейскіх гульняў. Пра гэта паведамляе БелТА.

Лукашэнка заўважыў, што гэтым пытаннем былі вельмі занепакоеныя некаторыя грамадзяне.

«Гэта ў асноўным так званая апазіцыя (ім, што ні зрабі, усё дрэнна). Яны заклапаціліся, што мы не кампэнсавалі, не перакрылі тыя выдаткі, якія былі ажыццёўлены напярэдадні і падчас правядзення гэтых гульняў. Яны цалкам забываюць, што такое імідж Беларусі, што такое турыстычны прыток падчас гульняў, асабліва пасля гульняў, а ён павялічваецца, які прыбытак, які прыбытак прынеслі гэтыя гульні нашым кампаніям – грамхарчу, музеям, артыстам і гэтак далей», – заявіў ён на сустрэчы з першым віцэ-прэм’ер Аляксандрам Турчынам і віцэ-прэмʼерам Уладзімірам Дворнікам.

Між тым, Лукашэнка пацікавіўся ў чальцоў ураду фінансавымі вынікамі II Еўрапейскіх гульняў.

«Мяне цікавіць фінансавы бок справы – што мы ў выніку гульняў атрымалі, – дадаў Лукашэнка. – Прытым хачу падкрэсліць: такія форумы – гэта гонар для любой краіны, таму за іх і змагаюцца, і не кожнаму аддаюць такія форумы».

Лукашэнка на сустрэчы з Турчынам і Дворнікам. Фота – president.gov.by

Лукашэнка заявіў, што Беларусь заўсёды будзе на вышэйшым узроўні праводзіць падобныя буйныя міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы. Больш за тое, такія падзеі яшчэ і абʼядноўваюць нацыю, мяркуе кіраўнік дзяржавы.

«Гэта вельмі важна. Для развіцця спартовага руху, важна для кансалідацыі нашых людзей. Ну і, у рэшце рэшт, мы павінны ганарыцца, што мы можам прыняць і правесці такія мерапрыемствы. Гэта каштуе нямала грошай, але ацаніць гэта цяжка. Таму паспрабуем палічыць, што мы выдаткавалі, што атрымалі – там, дзе можна падлічыць», – рэзюмаваў Лукашэнка.

Нагадаем, што II Еўрапейскія гульні праходзілі ў Беларусі з 21 па 30 чэрвеня. Паводле ўраду, гульні абышліся бюджэту краіны ў 540 мільёнаў рублёў. Беларусь падчас II Еўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 замежнікаў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў