Лукашэнка пра адносіны з ЕЗ: «Праблемы не носяць хранічнага характару»


Праблемы ў адносінах паміж Беларуссю і Еўразвязам не носяць хранічнага характару і маюць развязвацца, заявіў Аляксандр Лукашэнка сёння падчас сустрэчы з еўрапейскім камісарам у бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэрам Этынгерам.

«Вельмі рады з вамі сёння сустрэцца і абмеркаваць тыя праблемы, якія, магчыма, існуюць у нашых адносінах. Хоць слова «магчыма», напэўна, не падыходзіць. Гэтыя праблемы ў нас былі заўсёды і, напэўна, будуць. Але, як паказаў апошні час, усе праблемы не носяць хранічнага характару, яны падлягаюць вырашэнню», – цытуе Лукашэнку БелТА.

Гюнтэр Этынгер, фота AFP

Еўракамісар Этынгер наведвае з рабочым візітам Беларусь 17-18 лютага. У графік візіту ўнесеныя сустрэчы з прэм’ерам Сяргеем Румасам, міністрам фінансаў Максімам Ермаловічам і намеснікам міністра замежных спраў Алегам Краўчанкам. На перамовах бакі плануюць абмеркаваць развіццё палітычнага дыялогу і гандлёва-эканамічнай супрацы паміж Беларуссю і ЕЗ, узаемадзеянне ў фінансавай і мытнай сферах.

Лукашэнка ў часе сустрэчы з еўракамісарам таксама адзначыў, што Беларусь «заўсёды будзе надзейным партнёрам Еўразвязу і разлічвае, што такі падыход у двухбаковых адносінах будзе ўзаемным».

Hавiны
Бабіч распавёў, што будзе, калі Беларусь захоча ў Еўразвяз
2019.02.10 11:11

На мінулым тыдні планаваўся візіт кіраўніка Беларусі ў Нямеччыну для ўдзелу ў Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы, аднак у апошні момант візіт адмянілі. Замест Лукашэнкі на «Munich security conference» – 2019 Беларусь рэпрезентоўваў старшыня КДБ Валерый Вакульчык.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў