Сёння, 9 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка афіцыйна павіншаваў з 60-годдзем расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева. Belsat.eu сабраў топ-7 фактаў пра сябра кіраўніка Беларусі, якому Лукашэнка «няўхільна давярае».
«Дзякуючы энергіі, мэтанакіраванасці, багатаму досведу Вам удалося дамагчыся поспехаў у шматлікіх пачынаннях, увасобіць у жыццё прадпрымальніцкі і творчы таленты, – гаворыцца ў віншаванні Лукашэнкі. – Высока цаню Вашы асабістыя, прафесійныя і дзелавыя якасці і заўсёды з вялікай увагай стаўлюся да праектаў, якія Вы рэалізуеце».
Лукашэнка выказаў упэўненасць, што праца Міхаіла Гуцэрыева ў Беларусі і надалей будзе «прыкладам паспяховай двухбаковай супрацы і ўзаемавыгадных інвестыцыяў».
Паводле Forbes, сямʼя Міхаіла Гуцэрыева – гэта найбагацейшы клан у сучаснай Расеі, які валодае прыкладна 9,8 млрд долараў. Сам Гуцэрыеў у рэйтынгу расейскіх мільянераў займае 16-е месца з капіталам 5,9 мільярдаў долараў.
Гуцэрыеў – бадай, адзіны расейскі алігарх, з якім Лукашэнка не толькі падтрымлівае цёплыя, сяброўскія стасункі, але і зусім не хавае гэтага. «Гэта чалавек, якому прэзідэнт Беларусі няўхільна давярае», – летась заявіла Forbes кіраўніца прэс-службы Лукашэнкі Наталля Эйсмант.
Паводле СМІ, сяброўства Гуцэрыева з Лукашэнкай пачалося з 2000 года, калі ён стаў прэзідэнтам кампаніі «Слаўнафта».
«Я пачаў з будаўніцтва ў Беларусі аўтазаправак і нафтабазаў, мадэрнізацыі НПЗ, – кажа Гуцэрыеў. – Інвестыцыі ў краіну сталі рэзка расці, што стала асновай нашых з Аляксандрам Рыгоравічам добрых стасункаў».
Цяпер асноўны праект Гуцэрыева ў Беларусі – будаўніцтва ў Любанскім раёне новага калійнага камбіната (Нежынскі горнаўзбагачальны камбінат), якое актыўна вядзе ягоная кампанія «Слаўкалій». Агульны кошт праекту – 2 млрд долараў, з якіх 1,4 млрд – гэта грошы Дзяржбанка развіцця Кітая, а 600 млн – гуцэрыеўскай кампаніі «Сафмар».
«Ты адзін з нямногіх, хто атрымаў беларускія нетры», – сказаў у свой час Гуцэрыеву Аляксандр Лукашэнка.
Акрамя таго, Гуцэрыеў пабудаваў у Менску гатэль «Рэнесанс», тэрмінал для бізнес-авіяцыі ў сталічным аэрапорце ды шэраг іншых аб’ектаў. Напрыканцы 2017 года ён перадаў Любанскаму райвыканкаму пяціпавярховы 40-кватэрны жылы дом.
У кастрычніку 2012 года падчас прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў Лукашэнка распавёў пра тое, што расейскія алігархі нібыта прапаноўвалі яму прадаць «Беларуськалій» па заніжанай цане, прычым 5 млрд долараў кіраўніку Беларусі прапаноўвалі ў выглядзе «адкату». Пасярэднікам мусіў выступіць нейкі расейскі багацей Міша.
«Хочуць купіць за 15 некаторыя вашы алігархі. Не, кажу, да пабачэння, хлопцы. Некаторыя здурнелі і прапанавалі аднаму багатаму расейскаму чалавеку, які мае доступ да мяне – схадзіце і прапануеце: 10 мільярдаў плацім і 5 – яму (прэзідэнту. – заўв), куды скажа. Ён прыйшоў да мяне, даўно мяне ведае, прасіў прабачэння… Я яму: Міша, я табе не буду апранаць кайданкі, але больш з такімі ідэямі ня прыходзь», – распавёў тады Лукашэнка.
Прозвішча «Мішы» Лукашэнка тады не назваў, але журналісты палічылі, што гаворка ішла менавіта пра Гуцэрыева, бо проста няма іншага расейскага алігарха Мішы, які б меў такія добрыя стасункі з кіраўніком Беларусі.
Лукашэнка і сам выкарыстоўваў Гуцэрыева ў якасці пасярэдніка ў перамовах з расейскімі алігархамі. У прыватнасці, падчас беларуска-расейскай калійнай вайны кіраўнік Беларусі прасіў Гуцэрыева пагутарыць з алігархам Сулейманам Керымавым.
«Я кажу: «Перадай яму, калі ён будзе паводзіць сябе далей так і перашкаджаць нам працаваць для таго, каб нас пакласці, я распачну крымінальная справа ў Беларусі і абвяшчу іх у міжнародны вышук. Перадай гэта Керымаву! Адно толькі паведамленне пра тое, што на яго завялі крымінальную справу і пра тое, што ён аб’яўлены ў міжнародны вышук – для яго гэта крах». Гэты Гуцэрыеў аж прысеў. Кажа: «Аляксандр Рыгоравіч, не рабіце гэтага, гэта для бізнесу крах!». Я кажу: «Я ж не раблю. Але ты яму перадай: не блакуйце рашэнне беларускай кампаніі. Правядзіце наглядальны савет, прызначым дырэктара новага – ідзіце, куды хочаце, мы будзем без вас працаваць». Праз тры дні прыязджае Гуцэрыеў, кажа: «Ну, не буду прэзідэнта падманваць: паслаў», – распавядаў Лукашэнка журналістам восенню 2013 года.
У студзені 2013 года Лукашэнка на чарговай прэс-канференцыі распавёў, што адзін расеец падараваў яму на дзень народзінаў «Майбах».
«Што тычацца гэтага «Майбаха», так яго ўжо не выпускаюць, яго знялі з вытворчасці. Мне падаравалі яго на дзень нараджэння – я яго аддаў дзяржаве. Мне ўсё роўна трэба было б набыць аўтамабіль, калі б не было гэтага «Майбаха», – заявіў тады кіраўнік дзяржавы.
«Майбах» мадэлі 57/62 лічыцца адной з самых дарагіх машын у свеце – яна каштуе каля 500 тысяч долараў. Паводле СМІ, гэта падарунак Лукашэнкі зрабіў зноў-такі Гуцэрыеў (хаця сам алігарх зняпраўджвае гэтую інфармацыю – як і сваё пасярэдніцтва ў гісторыі з «Беларуськаліям»).
Дарэчы, на лімузіне «Майбах» Лукашэнка прыехаў у сакавіку 2017 года на сустрэчу з Міхаілам Гуцэрыевым і Віктарам Пракапеней, дзе абмяркоўваўся будучы дэкрэт аб крыптавалютах.
Паводле неафіцыйных звестак, менавіта Гуцэрыеў разам з Віктарам Пракапеней угаварылі Лукашэнку падпісаць дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі».
«Ніхто не ўгаворваў. Але я хачу сказаць, што гэта было адважнае і геніяльнае рашэнне Аляксандра Рыгоравіча, і за гэта яму нізкі паклон. Ніхто ў свеце да гэтага не дадумаўся. Нават Амерыка», – адзначыў Гуцэрыеў у інтэрв’ю TUT.by.
З самім Пракапеней Гуцэрыева ў свой час пазнаёміў экс-міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, які працуе дарадцам у «Русснефте». «Пагавары з ім», – папрасіў Мартынаў. Мы перагаварылі. Так і пачаліся нашы адносіны», – распавядаў алігарх.
Цяпер у Гуцэрыева і Пракапені 5 сумесных кампаніяў, у якія яны інвеставалі на парытэтнай аснове.
Менавіта Міхаіл Гуцэрыеў пабудаваў вілу каля Радашковічаў, якую рэгулярна наведвае Аляксандр Лукашэнка. Упершыню пра так званую таямнічую рэзідэнцыю Лукашэнкі стала вядома ў студзені 2017 года ў выніку журналісцкага расследавання «Белсата».
«Аднойчы прэзідэнт мне сказаў: «Слухай, на балансе Упраўлення справамі прэзідэнта ёсць база адпачынку побач з возерам. Яна вельмі запушчаная. У нас няма грошай, каб яе зрабіць. А ты тут ужо пускаеш карані. Хопіць матацца. З раніцы прыляцеў, вечарам назад». Гэта была база адпачынку «Краснасельскае», стары будынак, які я купіў за грошы, заплаціўшы ў бюджэт Беларусі. Я адразу не хацеў будаваць вялікі дом. Але потым, пабываўшы ў тым месцы, а прырода там неапісальная, пагадзіўся. У мяне яшчэ ёсць абавязак пабудаваць побач царкву для вернікаў. Думаю, у наступным годзе пабудуем. Таму з гэтай гісторыі ўсё банальна проста. Без задніх думак. Я хачу звязаць сваю будучыню з Беларуссю», – адзначыў ён.
На месцы вілы каля Радашковічаў раней была база адпачынку Упраўлення справамі прэзідэнта «Краснасельскае». Зямельны надзел пад рэзідэнцыяй на 100 гадоў быў узяты ў арэнду кампаніяй «СертусАвія», структурай, афіліяванай з расейскім бізнесоўцам Міхаілам Гуцэрыевым, які мае ўстойлівыя бізнес-інтарэсы ў Беларусі. Будынкі комплексу, належаць кіпрскай афшорнай кампаніі «Блатбэрг Холдынгс Лімітэд». Вядома, што Лукашэнка рэгулярна наведвае гэтую вілу і таму яе называюць «таямнічай рэзідэнцыяй» прэзідэнта. Расследаванне «Белсата» наконт вілы каля Радашковічаў год таму выклікала вялікі рэзананс.
Летам 2007 года Гуцэрыеву ў Расеі прад’явілі абвінавачванні ў нясплаце падаткаў і ў незаконным прадпрымальніцтве. Не чакаючы арышту, Гуцарыеў хутка прадаў «Русснефть» алігарху Алегу Дзерыпаску за $ 3,5 млрд і схаваўся ў Лондане.
«Я сыходзіў праз Беларусь, проста сеў ноччу ў машыну, выклікаў самалёт у Менск і паляцеў», – распавядаў ён Forbes.
Расея абвясціла алігарха ў міжнародны вышук. Эксперты параўноўвалі справу Гуцэрыева са справаю Хадаркоўскага і адзначалі, што крымінальны пераслед звязаны з тым, што расейская дзяржава проста хоча забраць у яго бізнес.
Аднак алігарх усё ж прымірыўся з Крамлём. Вясной 2010 года абвінавачванні з Гуцэрыева былі цалкам знятыя за адсутнасцю складу злачынства, а раней, у студзені, ён выкупіў «Русснефть». Паводле алігарха, менавіта гісторыя з крымінальнай справаю падштурхнула яго да таго, каб больш увагі звяртаць на Беларусь.
«Асадак застаўся, і ў мяне не было жадання інвеставаць у Расею, – казаў Гуцэрыеў. – Я падумаў, што ісці трэба туды, дзе я магу дастукацца да нябёсаў, да праўды, дзе надзеі больш і дзе бяспечней».
У 2018 годзе на вечарыне ў Лукашэнкі з нагоды старога Новага года выступалі топавыя расейскія поп-выканаўцы (Грыгорый Лепс, Наташа Каралева, Мікалай Баскаў, Таісія Павалій), якія вядомыя сваімі надзвычай высокімі ганарарамі. Незалежныя СМІ актыўна абмяркоўвалі, колькі каштавала гэтая вечарына для бюджэту. Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што Міхаіл Гуцэрыеў проста прывёз сваіх сяброў-артыстаў і з бюджэту Беларусі іх выступы не аплочваліся.
У інтэрвʼю TUT.by Гуцэрыеў сказаў, што ён таксама не плаціў поп-зоркам:
«За месяц да мерапрыемства я атрымаў запрашэнне. Адразу патэлефанаваў некалькім знаёмым выканаўцам… Я многім артыстам пішу песні. Мы з імі сябруем, маем зносіны. Калі каму-небудзь штосьці трэба, то дапамагаем адзін аднаму. Хутка будзе мой дзень нараджэння. Яны таксама будуць выступаць. Я толькі заікнуўся пра тое, каб заплаціць ганарар, дык яны ледзь не пакрыўдзіліся: «Ты што нас абражаеш? Не крыўдзі нас». Калі вы запросіце мяне на свой дзень нараджэння, то я ў якасці падарунка папрашу артыстаў і яны праспяваюць бясплатна. Для гэтага не трэба грошай».
Дарэчы, Гуцэрыеў сапраўды піша вершы, на якія выконваюць песні расейскія поп-зоркі.
ІІ, belsat.eu
Фота – president.gov.by