Лукашэнка: «Памяць пра гераічныя падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі ўмацоўвае згоду ў грамадстве»


Аляксандр Лукашэнка павіншаваў беларусаў з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Ён заявіў, што восень 1917 года кардынальна змяніла ход сусветнай гісторыі – але ў станоўчым сэнсе. Дзяржаўны пераварот, зладжаны бальшавікамі, Лукашэнка лічыць «пачаткам новай эры чалавечага развіцця, заснаванай на прынцыпах сацыяльнай роўнасці, справядлівасці і гуманізму».

«Ідэалы рэвалюцыі сталі сімвалам адраджэння многіх народаў свету, натхнілі іх на барацьбу за свабоду і раўнапраўе», – гаворыцца ў віншаванні.

Паводле Лукашэнкі, дзякуючы рэвалюцыі ўпершыню была створана беларуская дзяржава, а ў беларускага народа з’явілася права на самавызначэнне і «развіццё самабытнай культуры».

«Самаадданай працай мы змянілі родны край. Здзейсніўшы ратны подзвіг, адстаялі незалежнасць краіны. Захаваўшы лепшыя дасягненні савецкай эпохі, пабудавалі суверэнную дзяржаву, – адзначыў Лукашэнка.

– Перакананы, што памяць аб гераічных падзеях і выпрабаваннях, якія выпалі на долю беларусаў, узмацняе духоўную сувязь паміж пакаленнямі, выхоўвае пачуццё гонару за свой народ, умацоўвае згоду ў грамадстве, натхняе грамадзян на стваральныя ініцыятывы на карысць Радзімы».

***

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 году былі зруйнаваныя дасягненні Лютаўскай і разагнаны Устаноўчы сход. Следам пачаліся гады ваеннага камунізму з пазасудовымі расстрэламі і харчовай развёрсткай. Грамадзянская вайна, якая ўспыхнула неўзабаве пасля захопу ўлады бальшавікамі, забрала мільёны жыццяў.

Паводле розных ацэнак гісторыкаў, ахвярамі «чырвонага тэрору» у першыя гады савецкай улады сталі да 2 мільёнаў чалавек. У наступныя дзесяцігоддзі праз тэрыторыю Беларусі прайшла прымусовая калектывізацыя і сталінскія рэпрэсіі, якія амаль пад корань знішчылі нацыянальна арыентаваную інтэлігенцыю.

КА belsat.eu

Стужка навінаў