Аб гэтым ён заявіў сёння падчас візіту ў Берасце, перадае БелТА.
Кіраўнік краіны паабяцаў, што лёс акумулятарнага заводу ў Берасці вырашыцца на рэферэндуме.
«Мы прынялі рашэнне. Няхай рашаць жыхары. Па акумулятарнаму як вы вырашыце, так і будзе. Я вам гэта гарантую і абяцаю. Я займу нейтральную пазіцыю, арганізую рэферэндум. А вы, толькі без гвалту, шуму. Вызначым месца, будзеце клікаць людзей, дэбатаваць. Як на выбарах», – сказаў ён падчас сустрэчы з жыхарамі Берасця.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён вельмі дбае аб экалогіі.
«Самы вялікі экалагічны прыхільнік у вас – гэта прэзідэнт Беларусі. Для мяне гэта святое. Нават я, на пасадзе прэзідэнта, трасуся за кожнае дрэўка», – заявіў ён.
Ягоныя словы падтрымаў і мясцовы экаактывіст і праціўнік будаўніцтва акумулятарнага Дзмітрый Бекалюк. Ён пагадзіўся з прапановаю Лукашэнкі і сказаў, што жыхары Берасця будуць толькі ўдзячныя.
«У гэтым можаш не сумнявацца. Гэта наўпроставыя паўнамоцтвы прэзідэнта – арганізаваць рэферэндум у любой кропцы краіны», – зазначыў Лукашэнка.
Берасцейцы з 2018 года пратэстуюць супраць будаўніцтва вельмі шкоднага для наваколля акумулятарнага заводу. Яны штотыдзень збіраюцца на галоўнай плошчы гораду для кармлення галубоў — у знак пратэсту.
КТ belsat.eu