Лукашэнка не раіць украінцам галасаваць за Зяленскага: «Нельга рызыкаваць»


Кіраўнік Беларусі выказаўся пра вынікі першага тура ва Украіне ў інтэрв’ю найбуйнейшаму інфармацыйнаму агенцтву Турцыі «Anadolu».

Лукашэнка выказаў сумнеў, што Зяленскі зможа выйграць у другім туры.

«Я ўсё ж такі схільны думаць, што гэтыя прэзідэнцкія выбары выйграе Парашэнка. Аднаго я вельмі добра ведаю. Другога я бачыў толькі ў кіно, я яго як палітыка не ведаю. Але я вам скажу ад жыцця: у нас з Парашэнкам быў калісьці агульны сябар – гэта Міхаіл Саакашвілі. Калі Саакашвілі праводзіў выбары, будучы прэзідэнтам (Грузіі), канстытуцыю памяняў, яшчэ нешта – пачалі з народам займацца жартамі. Гэта прывяло да таго, што яму давялося пакінуць Грузію і хавацца ў іншых краінах.

Каб Парашэнку не прыйшлося залазіць на дах і з даху заклікаць украінцаў абараніць яго, ён зробіць усё для таго, каб украінцы яго падтрымалі. Ён павінен зрабіць усё для таго, каб народ падтрымаў яго», – падкрэсліў ён.

Паводле Лукашэнкі, украінцы галасавалі ў першым туры за Зяленскага ў якасці пратэсту супраць іншых палітыкаў і заклікаў іх не галасаваць, калі яны не ведаюць, за каго галасаваць.

«Няхай мяне прабачаць украінцы, але хачу ім сказаць: калі няма за каго галасаваць, то і галасаваць не трэба. Навошта галасаваць за чалавека, у якім ты не ўпэўнены, бо ўкраінцы такі цяжкі палітычны шлях прайшлі за апошнія гады. Яны ўжо наеліся незразумелых абяцанняў. Яны, ужо шмат разоў рызыкуючы, верылі палітыкам і іх падтрымлівалі. І ўвесь час атрымлівалася наадварот.

Апошнія гады вопыт украінскага народа – сведчанне таго, што нельга рызыкаваць. Калі ўжо не атрымліваецца, калі няма за каго галасаваць – значыць, паўторныя выбары. Мне здаецца, гэта лепш, чым у чарговы рызыкнуць, прагаласаваць, а потым горка каяцца дзесяць ці больш гадоў», – лічыць ён.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў