Лукашэнка назваў беларускіх банкіраў «зборышчам тлустых катоў»

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што заробкі ў банкаўскай сферы мусяць адпавядаць узроўню заробкаў, які склаўся ў краіне.

«Тут мяне перасцерагаюць ад адкрытай на гэтую тэму размовы, што гэта, маўляў, не спадабаецца МВФ, можа, і яшчэ нейкім міжнародным арганізацыям. Пакуль я прэзідэнт Беларусі і не планую быць прэзідэнтам ці кіраўніком міжнародных арганізацыяў, таму і вам таксама раю адказваць і займацца пытаннямі Беларусі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка на сённяшняй нарадзе.

Лукашэнка адзначыў, што ўзровень заробкаў у банкаўскай сферы мусіць адпавядаць узроўню заробкаў па краіне.

«Гэта значыць заробкі павінны быць заробленымі, заўсёды банкіры пра гэта кажуць, і я іх у гэтым падтрымліваю. Па ўсёй краіне дарма платы быць не павінна. Значыць, і ў банкаўскай сістэме заробак мусіць быць заробленым», – лічыць ён.

Лукашэнка звярнуў увагу на той факт, што банкіры падзяляюць сваю зарплату і заробленыя бонусы.

«А што гэта, не грошы? Можна выбудаваць такую ​​сістэму, што будзеш капейкі атрымліваць на працягу месяца, года, а бонусамі можна задушыцца, як у народзе кажуць. Таму давайце глядзець у цэлым на тое, як гэта будзе выглядаць. Я толькі што казаў пра ўзроўні заробкаў у краіне. Хацелася б, каб банкаўская сістэма не была, цытую народ, “зборышчам тлустых катоў” (гэта не толькі кажа рабочы ды селянін, гэта кажа ўся інтэлігенцыя). Банкаўскія работнікі павінны адпавядаць таму ўзроўню, які склаўся ў краіне па заробкам і даходам», – цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

ІІ, belsat.eu

Hавiны