Лукашэнка настройвае сілавікоў супраць унутранага ворага

Сёння афіцыйны беларускі лідэр папярэдзіў міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева: «Трэба вуха трымаць востра: жадаючых падарваць нас знутры не памяншаецца». І панаракаў: «На жаль, большасць з тых, хто выказвае такія жаданні, гэта так званыя нашы грамадзяне. Іх нават цяжка грамадзянамі назваць».

Чым жа так правініліся гэтыя нядобрыя людзі, што ў вачах кіраўніка дзяржавы апынуліся на мяжы неграмадзян? Аказваецца, «у іх усё кепска, ім бы ў чым-небудзь падкалупнуць ўладу і раз’яднаць грамадства, зрабіць горш».

А ці шмат падстаў, каб скакаць ад радасці?

Дык жа паводле крытэрыю незадаволенасці цяперашнім становішчам спраў у разрад «дрэнных грамадзян» можна запісаць, верагодна, большую частку насельніцтва Беларусі.

На жаль, больш-менш аб’ектыўных дадзеных аб палітычных настроях беларусаў (у тым ліку што датычыць рэйтынгу самога Аляксандра Лукашэнкі) мы не ведаем з таго часу, як ў 2016-м быў разгромлены апошні ў краіне аплот незалежнай сацыялогіі – НІСЭПД. Але эмпірычна адчуваеш, што незадаволенасць ахоплівае ўсе пласты грамадства.

Hавiны
Аляксандр Класкоўскі: Рэйтынг Лукашэнкі схаваны чысцей за Кашчэеву іголку
2019.06.04 15:22

Гаворка не толькі пра загнаных у маргінальную нішу прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі. Бурчаць і апалітычныя рабацягі. Нават у міністраў, якіх правадыр пастаянна робіць крайнімі і якія на нарадах нешта шалёна пішуць у нататніках, баючыся ўзняць галаву, падазраю, варушыцца думка: як жа гэта ўсё задзяўбло!

Кракадзіл не ловіцца, не расце какос

Як ні ўзмацняе Лукашэнка свой каронны прыём – жорстка паьрабаваць, усё роўна, як у той песеньцы, кракадзіл не ловіцца, не расце какос.

Завязаная на Расею эканоміка ( «заслуга» беларускага кіраўніка, які склаў усе яйкі ў кошык «братэрскай інтэграцыі») адразу стала прасядаць, як толькі Менск увайшоў у чарговы нафтавы клінч з Масквой. А зараз справа пагоршылася праз абвал цэнаў на нафту, з-за чаго падае расейскі рубель, які пацягнуў уніз за сабой беларускі.

І сярэдні заробак у эквіваленце, па прыкідках, зноў апускаецца ніжэй за 500 долараў. Пры тым што гэтая планка па ўказанні прэзідэнта была ўзятая яшчэ перад выбарамі 2010 года. Тады гэта было для ўладаў гонарам. Цяпер, праз дзесяцігоддзе, скокі вакол «усім-па-500» выглядаюць сімвалам беларускага застою і дэградацыі. Суседзі за гэты час апынуліся наперадзе, у палякаў заробкі ўтрая вышэйшыя.

Лукашэнка збірае нарады, жорсткім чынам загадвае шукаць альтэрнатыўную нафту, але за гэтым праглядаецца ілюзія, што можна вярнуць бесклапотнае жыццё нафтавага афшору. Аднак такога цуду больш не здарыцца. Трэба карэнным чынам перабудоўваць эканоміку (рэструктураваць, прыватызаваць, пераходзіць ад монстраў сацыялістычнай індустрыі да высокіх тэхналогій і да т.п.), мяняць метады кіравання ёю, адмаўляцца ад пугі.

Правадыра напружвае прывід Плошчы

Толькі так руліць правадыр не ўмее і не жадае. А значыць, застаецца ўзмацняць стаўку на сілавікоў. Вось і настройвае ён міністра ўнутраных спраў на барацьбу з «пятай калонай».

«Яны выкарыстоўваюць любы момант. Я чытаю іх рознага роду заявы не толькі ў інтэрнэце, але і ў так званых сродках масавай інфармацыі. Таму міліцыі я асабіста адводжу вельмі вялікае месца ў забеспячэнні стабільнасці ў нашым грамадстве», – сказаў Лукашэнка Караеву, дзіўным чынам звязаўшы выступы ў СМІ з задачамі міліцыі.

Што, яшчэ больш заўзята стануць адлоўліваць і штрафаваць рэпарцёраў «Белсату»? Зноў возьмуцца трэсці рэдакцыі незалежных рэсурсаў, як гэта было ў рамках адыёзнай «справы БелТА»?

Hавiны
Усё, што трэба ведаць пра гучную «справу БелТА», – за 5 пытанняў і адказаў
2019.03.04 16:37

На жаль, незалежнай прэсе ў Беларусі дастаецца на арэхі падчас кожнай выбарчай кампаніі. А тут напаўзае чарговае пераабранне нязменнага прэзідэнта.

Але ўсё ж галоўная трывога Лукашэнкі – гэта, трэба думаць, вулічныя апазіцыйныя буяны накшталт Паўла Севярынца ды Мікалая Статкевіча. Абодва ўжо анансавалі намер падпсаваць рэжыму нервы масавымі выступамі.

Лукашэнка, мяркуючы па ўсім, арыентуе сілавікоў на падаўленне такой актыўнасці ў зародку. Каб не было вялікай Плошчы. Але і яна не выключана, у прыватнасці таму, што сацыяльна-эканамічная сітуацыя стала рэзка пагаршацца.

Міністра Караева, які так стараўся стварыць сабе імідж гуманіста на фоне жорсткага папярэдніка, чакае няўдзячная праца. Будучая выбарчая кампанія можа пакінуць ад гэтага іміджу рожкі ды ножкі.

Дык хто ж сапраўдныя грамадзяне?

Правадыр і прапаганда малююць людзей накшталт Севярынца і Статкевіча (абодва – былыя палітвязні) нейкімі адмарозкамі. Але гэта цалкам адэкватныя людзі, ніякія не экстрэмісты. Проста яны не хочуць мірыцца з дэградацыяй краіны і гатовыя асабіста сур’ёзна рызыкаваць дзеля таго, каб ўскалыхнуць беларускае балота.

У прынцыпе, гэта і ёсць прыклад свядомых грамадзян. Але ў сістэме каардынатаў Лукашэнка ўсё перакулена з ног на галаву. Для яго ідэальныя грамадзяне – гэта сервільных публіка, што аддана пляскае першай асобе на ўсялякіх афіцыёзных з’ездах. А тых, хто спрабуе кінуць пальчатку рэжыму а-ля дарагі Леанід Ільіч, падобна, зноў чакае прэс сілавікоў.

Аляксандр Класкоўскі/АА, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

Чытайце іншыя тэксты аўтара ў рубрыцы “Меркаванні”

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў