Лукашэнка-міратворац абараняе Беларусь


Заявы афіцыйнага лідара Беларусі, агучаныя на другім форуме «Менскі дыялог» 7–8 кастрычніка ў беларускай сталіцы, выклікалі рэакцыю Крамля. Пра патэнцыял Беларусі як донара міру ў рэгіёне дыскутавалі некалькі сотняў экспертаў і палітычных дарадцаў з розных краінаў свету. Але як і год таму, галоўная ўвага была прыцягнутая да маналогу Аляксандра Лукашэнкі.

Першы «Менскі дыялог», арганізаваны летась выхадцамі з групы незалежных экспертаў «Ліберальны клуб», падкрэсліваў актуальную геапалітычную задачу афіцыйнага Менску: Беларусь здольная і гатовая стаць пляцоўкай, дзе будуць вырашацца любыя міжнародныя канфлікты. Трэба адразу сказаць, што хуткіх вынікаў ад такіх размоваў чакаць не варта.

Гаворыць Дзяніс Мельянцоў, каардынатар Савету ў справе міжнародных дачыненняў, «Менскі дыялог»:

«Гэтак не бывае, што вось эксперты сказалі на нейкай канферэнцыі нейкую сэнсоўную ідэю, і яна адразу трансфармавалася ў палітыку. Павінен прайсці працэс асэнсавання, палітыкі маюць абмеркаваць тыя рашэнні, што прапаноўваюць эксперты, – гэта вельмі няхуткі працэс».

Міратворчы працэс, які ідзе ў беларускай сталіцы вось ужо пяты год, – сапраўды ня хуткі. Чатырохбаковая сустрэча, што прывяла да пачатку Менскага перамоўнага працэсу, была безумоўным поспехам беларускай дыпламатыі. Але Аляксандр Лукашэнка мае куды большыя амбіцыі.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі, заявіў:

«Мы гатовыя прасоўваць ідэю «Хельсінкі-2», дыялог Еўрапейскага Звязу і Еўразійскага эканамічнага саюзу, АДКБ і NATO, спалучэнне з кітайскім праектам «Адзін пояс, адзін шлях», з ШАС, АSEАN, стварэнне пояса лічбавага добрасуседства (пра гэта ўсё больш цяпер кажуць). Будзем падтрымліваць усе канструктыўныя ідэі, накіраваныя на пераадоленне раздзяляльных лініяў».

Афіцыйны Менск заяўляе пра намер правесці Хельсінкі-2 (новае буйное пагадненне аб бяспецы паміж Расеяй і Захадам), ладзіць перамовы аб канфлікце ва Украіне, прапаноўвае ўвесці сваіх міратворцаў на Данбас… У нашага маскоўскага эксперта такія памкненні выклікаюць толькі ўсмешку.

Каментуе Дзмітрый Балкунец, палітолаг, Масква:

«Мне падаецца, што ініцыятыва Хельсінкі-2 малаверагодная для рэалізацыі, бо на сённяшні дзень Расеі не патрэбныя пасярэднікі, ды няма канцэпцыі, пра што размаўляць».

Лукашэнка выказвае такія прапановы не толькі з чыстага жадання навесці парадак ува ўсім свеце. Гэта перадусім спроба адмежавацца ад пазіцыі ўсходняга хаўрусніка, мяркуе адзін з гасцей форуму, палітолаг Валер Карбалевіч:

«Наўпрост дыстанцыявацца ад Расеі – небяспечна, бо вялікая залежнасць. А вось у такой міратворчай форме – гэта трохі можна і гэта трохі атрымліваецца».

Былі ўжо традыцыйныя словы і пра гатовасць сябраваць з NATO і з Расеяй, Лукашэнка папракнуў Еўропу недастатковым удзелам у праблемах рэгіёну. Як прыклад, ён зноў згадаў 160 тысячаў украінскіх уцекачоў, якіх нібыта прыняла нашая краіна.

Каментуе Пётр Рудкоўскі, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дачыненняў:

«Гэта, хутчэй за ўсё, лічба тых, хто ўвогуле ўязджае ў Беларусь, а магчыма і выязджае – стандартнае перакрочванне мяжы. Я не верыфікаваў лічбаў, але гэта вельмі невялікая лічба тых, хто атрымаў статус уцекача ў Беларусі».

Асноўны мэсідж можа быць міратворчым, але ў Расеі пачулі перадусім гэтую фразу.

Аляксандр Лукашэнка:

«І не трэба пасля мяне тут казаць, што гэта не канфлікт Расеі і Украіны. Ведаеце, мы ўсе тут разбіраемся ў пытанні, і такія заявы нікому не патрэбныя».

Такая заява для Расеі зацьміла сабой і абурэнне Лукашэнкі актывізацыяй NATO ў адказ на агрэсію на Данбасе і ўсе іншыя міралюбівыя заявы. У Маскве нагадваюць пра сваю пазіцыю, маўляў, Расея ў вайне не ўдзельнічае, і канфлікт ёсць унутранай справай Украіны.

Працягвае Дзмітрый Балкунец:

«Калі Менск пазіцыянуе сябе як нейтральную пляцоўку, такія заявы, канечне, могуць здзіўляць адзін з бакоў, што ўдзельнічае ў перамоўным працэсе. Гэта і выказаў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта, які зняпраўдзіў заяву Лукашэнкі. Таму я думаю, што гэта проста жаданне стварыць нейкі інфармацыйны шум».

Такія словы і дыстанцыянаванне ад палітыкі Расеі чуюць не толькі ў Маскве.

Валер Карбалевіч:

«Таму вось амерыканскія палітыкі прыязджалі і падкрэслівалі, што мы выступаем у падтрыманне беларускай незалежнасці. Калі б Беларусь не выступала з такімі ініцыятывамі, то, магчыма, ніхто б у Беларусь не прыязджаў з такімі заявамі, бо гэта ў пэўным сэнсе і папярэджанне Расеі».

Папярэджваць Расею даводзіцца, натуральна, перад гэтак званай поўнай інтэграцыяй у межах Саюзнай дзяржавы. Ініцыятар яднання цяпер запавольвае яго ўсімі сіламі, пра тое, як маюць выглядаць бліжэйшыя крокі Масквы і Менску насустрач адно аднаму – дагэтуль не вядома, аднак чаго прагнуць у Крамлі – не сакрэт.

Аляксей Навальны, заснавальнік Фонду барацьбы з карупцыяй:

«З улікам цяжкай эканамічнай сітуацыі і невялікага памеру эканомікі Беларусі, яны будуць гуляць на пагаршэнні эканамічнай сітуацыі і намагацца прадаць беларусам ідэю, маўляў, ідзіце да нас – будуць большыя заробкі, будуць большыя пенсіі. І мы пабачым цікавую гульню двух аўтарытарных лідараў».

Яна сапраўды можа падавацца цікавай вонкавым назіральнікам, а ніяк не беларусам, чый бяззменны лідар гэтую гульню распачаў, а цяпер не ведае, як з яе выйсці.

Усевалад Шлыкаў

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 11.10.2019

Іншыя тэмы выдання:

 

Стужка навінаў