Лукашэнка лічыць добрым, што Калінінградскую вобласць не аддалі БССР, як некалі Крым Украіне

Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Расеі Антонам Аліханавым заявіў, што Калінінградчына з’яўляецца геаграфічна і гістарычна вельмі блізкай вобласцю. Паводле яго слоў, беларусы і калінінградцы імкнуцца да ўзаемавыгаднай і плённай супрацы, прыводзіць словы Лукашэнкі ягоная прэсавая служба.

«Яшчэ ў савецкія часы, калі была адзіная краіна, шмат было размоваў на самым высокім узроўні пра тое, каб далучыць Калінінградскую вобласць да Беларусі. Тады было ўсё роўна. Можа, добра, што не зрабілі, таму што Крым далучылі да Украіны – апынулася, што »няправільна« зрабілі. Тым не менш, такіх размоваў было шмат, і фактычна мы ў Беларусі былі па шматлікіх пытаннях адказныя за Калінінградскую вобласць, таму што былі самымі блізкімі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У 2014 годзе ў выніку «рэферэндуму» Крым стаў часткай Расеі. Міжнародная супольнасць не прызнала гэтага. Афіцыйна Беларусь таксама не прызнала Крым расейскім, кіраўнік Беларусі не раз адзначаў, што бачыць Украіну непадзельнай і цэлай дзяржавай.

Журналісты «Белсату» на свае вочы пабачылі і зафіксавалі, як адбывалася анексія Крыму ў 2014 годзе.

belsat.eu

Hавiны