«Лукашэнка клоўн або нешта такое». МУС выклала аўдыязапісы званкоў у міліцыю наконт «бойкі» каля Symbal.by


У тэлеграм-канале прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай апублікаваная адмысловая заява з нагоды ўчорашніх падзеяў каля крамы Symbal.by.

У прэс-рэлізе адзначаецца, што ўчора інтэрнэт-рэсурсы распаўсюдзілі інфармацыю пра затрыманні каля крамы. Прэс-сакратарка сцвярджае, што гэтыя звесткі «скажоныя».

«Увечары 22 чэрвеня на лінію 102 патэлефанавалі некалькі чалавек і распавялі, што каля дома №18 па праспекце Машэрава адбываецца масавая бойка, удзельнікі якой пашкодзілі аўтамабіль. Праз некалькі хвілінаў у папулярных месэнджарах з’явілася відэа з месца здарэння. Для разгляду па паказаным адрасе выбылі міліцыянты. У выніку удзельнікаў канфлікту даставілі для разбору ў Савецкае РУУС Менска, супрацоўнікі якога праводзяць праверку па факце бойкі і пашкоджання аўтамабіля».

Прэс-сакратарка сцвярджае, што цяпер высвятляюцца прычыны здарэння, у сувязі з чым распачаты «адміністратыўны працэс у дачыненні да яшчэ некалькіх чалавек».

МУС таксама выклаў фрагменты званкоў, якія нібыта паступалі ў міліцыю наконт падзеяў каля крамы. Прычым у гэтых трох фрагментах распавядаецца пра абсалютна розныя сітуацыі. У першым выпадку мужчына скардзіцца ў міліцыю, што каля Symbal.by яго ўдарылі. У другім выпадку невядомы сцвярджае, што яму нібыта нагамі «пабілі люстэрку ў машыне». Але трэці званок самі цікавы: там нейкая жанчына, якая нібыта жыве ў доме на праспекце Машэрава, кажа, што пад яе вокнамі «сабраліся людзі, мітынг ці што».

«Унізе крама падарункаў. Там нейкія цішоткі прадаюць «Лукашэнка клоўн» або нешта такое… Там крычаць… Падлеткі сабраліся… чалавек 15», – кажа яна.

  • 12 чэрвеня ў курʼера крамы супрацоўнікамі Савецкага РАУС былі канфіскаваныя 419 цішотак «ПСІХОЗ%». Пасля гэтага ў краму пачалі прыходзіць няспынныя праверкі, камунальныя службы адключылі электрычнасць, Менгарвыканкам запатрабаваў прыбраць з будынку шыльды крамы. Павел Белавус учора абвесціў, што ў гэтых умовах крама спыніць сваю працу і заклікаў набываць тавары symbal.by, пакуль іх не арыштавалі.
  • Увечары 23 чэрвеня людзі з салідарнасці пайшлі туды падтрымаць краму і набыць у іх тавары. Выстраілася чарга з пары дзясяткаў чалавек. Але хутка прыехаў АМАП на аўтазаку і стаў затрымліваць людзей у чарзе ў краму, якія проста моўчкі стаялі. АМАП брутальна хапаў усіх запар, нават у дварах.
  • Усяго было затрымана каля 20 чалавек. Паводле праваабаронцаў, прынамсі на частку з іх склалі па два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях: арт. 23.4 (Непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў