Лукашэнка даручыў ураду дапамагаць у вяртанні на Радзіму таксама расейцам


Дапамогай грамадзянам Беларусі і Расеі, якія захраслі ў Польшчы, мае заняцца беларускае МЗС, падае БелТА.

Даручэнне аб дапамозе расейцам вярнуцца на радзіму пакуль улады Расеі «не могуць разабрацца» з іх вывазам дадому, кіраўнік Беларусі зрабіў падчас нарады аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў краіне і загаду дапамагчы вярнуць на Радзіму беларускіх турыстаў.

«Нам трэба прыкласці усе намаганнні, каб нашыя грамадзяне змаглі вярнуцца ў самі бліжэйшы час. Яны павінныя быць удома, у бяспецы», – заявіў Лукашэнка.

«Вазьміце расейцаў, якія сёння ў Польшчы: яны не могуць выехаць у Расею. Калі ў нашых межах сабралася пэўную колькасць расейцаў, Ігар Пятровіч, вам персанальнае даручэнне: прыцягвайце каго хочаце, але трэба вывезці расейцаў з Польшчы і дапамагчы ім дабрацца на радзіму», – звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сяргеенкі.

Дапамагчы расейцам пакінуць Польшчу Лукашэнка даручыў Міністэрству замежных справаў і праваахоўныя структуры.

«Гэта не справа, што нашыя браты там сядзяць, зразумела, у якой сітуацыі. Трэба ім дапамагчы, як бы ў нас ні складваліся адносіны з расейскімі ўладамі. Людзі ні ў чым не вінаватыя», – дадаў ён.

19 сакавіка 2020 года. Аляксандр Лукашэнка падчас нарады вакол сітуацыі з каронавірусам. Фота – president.gov.by

Паводле Лукашэнкі, закрыццё межаў не вырашае праблему эпідэміі і стварае сітуацыю, калі людзі не могуць патрапіць дахаты.

Hавiны
Лукашэнка распавёў, чаму Беларусь не ўвяла каранцін
2020.03.19 11:40

З мэтай перадухілення распаўсюду каронавірусу Польшча скасавала міжнародныя пасажырскія авія- і чыгуначныя злучэнні прынамсі да 24 сакавіка. Выключэнне зрабілі толькі для чартараў з грамадзянамі Польшчы на борце.

Паводле Федэральнага агенцтва па турызме, за мяжой знаходзіцца каля 100 тысяч арганізаваных турыстаў з Расеі.

Падчас размовы з журналістамі ў чацвер намеснік дырэктара дэпартаменту па турызме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч распавёў, што Беларусь дапамагае выехаць з Егіпту расейскім турыстам, якія набывалі туры ў беларускіх тураператараў.

З мінулага тыдня многія краіны Еўропы закрылі свае межы на розныя тэрміны з мэтай паўстрымаць распаўсюд каронавірусу.

З 17 сакавіка на месяц закрыліся вонкавыя межы Еўразвязу і ўнутраныя межы ў зоне Шэнген. Адмысловы дазвол на перасячэнне межаў будзе выдавацца медперсаналу, еўрапейцам, якія вяртаюцца дадому, членам іх сем’яў, дыпламатам і грузавому камерцыйнаму транспарту.

«Чым менш паездак, тым вышэйшыя шанцы паўстрымаць вірус», – абгрунтоўвала гэтае рашэнне старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

Па стане на 19 сакавіка, згодна САЗ, у свеце пацверджана 207 860 выпадкаў заражэння каронавірусам. 8 657 чалавек памерлі.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў